Закон Республики Беларусь от 16 мая 2006 г. №107-З
"Аб ратыфiкацыi Канвенцыi памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь i Урадам Iтальянскай Рэспублiкi аб пазбяганнi двайнога падаткаабкладання ў дачыненнi да падаткаў на даходы i капiтал i папярэджаннi ўхiлення ад выплаты падаткаў"
ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
16 мая 2006 г. № 107-З
АБ РАТЫФІКАЦЫІ КАНВЕНЦЫІ ПАМІЖ УРАДАМ
РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ І УРАДАМ ІТАЛЬЯНСКАЙ РЭСПУБЛІКІ
АБ ПАЗБЯГАННІ ДВАЙНОГА ПАДАТКААБКЛАДАННЯ Ў ДАЧЫНЕННІ
ДА ПАДАТКАЎ НА ДАХОДЫ І КАПІТАЛ І ПАПЯРЭДЖАННІ
ЎХІЛЕННЯ АД ВЫПЛАТЫ ПАДАТКАЎ
Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 3 красавіка 2006 года
Адобраны Саветам Рэспублiкi 24 красавіка 2006 года
Ратыфiкаваць Канвенцыю паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і
Урадам Італьянскай Рэспублікі аб пазбяганні двайнога
падаткаабкладання ў дачыненні да падаткаў на даходы і капітал і
папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў, падпісаную ў г. Мінску 11
жніўня 2005 года.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка
КАНВЕНЦЫЯ
паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Італьянскай Рэспублікі аб
пазбяганні двайнога падаткаабкладання ў дачыненні да падаткаў на
даходы і капітал і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў
Урад Рэспублікі Беларусь і Урад Італьянскай Рэспублікі,
жадаючы заключыць Канвенцыю аб пазбяганні двайнога
падаткаабкладання ў дачыненні да падаткаў на даходы і капітал і
папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў,
пагадзіліся аб наступным:
РАЗДЗЕЛ I
СФЕРА ПРЫМЯНЕННЯ КАНВЕНЦЬП
Артыкул 1
Асобы, да якіх прымяняецца Канвенцыя
Дадзеная Канвенцыя прымяняецца да асоб, якія з'яўляюцца
рэзідэнтамі адной або абедзвюх Дагаворных Дзяржаў.
Артыкул 2
Падаткі, на якія распаўсюджваецца Канвенцыя
1. Дадзеная Канвенцыя прымяняецца да падаткаў на даходы і
капітал, якія спаганяюцца ад імя кожнай Дагаворнай Дзяржавы, або яе
палітыка-адміністрацыйных падраздзяленняў, або мясцовых органаў
улады, незалежна ад спосабу іх спагнання.
2. Падаткамі на даходы і капітал лічацца ўсе падаткі, што
спаганяюцца з агульнай сумы даходаў, з агульнай сумы капіталу або з
элементаў даходу або капіталу, уключаючы падаткі на даходы ад
адчужэння маёмасці любога віду, падаткі на агульную суму заработнай
платы, якая выплачваецца прадпрыемствамі, а таксама падаткі на
прырост кошту капіталу.
3. Існуючымі падаткамі, на якія распаўсюджваецца Канвенцыя,
з'яўляюцца ў прыватнасці:
а) у выпадку Беларусі:
падатак на даходы і прыбытак;
падаходны падатак з фізічных асоб;
падатак на нерухомасць;
зямельны падатак;
незалежна ад таго, ці спаганяюцца яны ўтрыманнем з крыніцы ці не
(далей - «беларускі падатак»);
b) у выпадку Італіі:
(і) - асабісты падаходны падатак (I’imposta sul reddito delle
persone fisiche);
(іі) - карпаратыўны падаходны падатак (I’imposta sul reddito
delle persone giuridiche),
(ііі) - рэгіянальны падатак на вытворчую дзейнасць (I’imposta
regionale sulle attivita produttive);
незалежна ад таго, ці спаганяюцца яны ўтрыманнем з крыніцы ці не
(далей - «італьянскі падатак»).
4. Канвенцыя распаўсюджваецца таксама на любыя ідэнтычныя або
па сутнасці аналагічныя падаткі, якія спаганяюцца пасля даты
падпісання дадзенай Канвенцыі ў дапаўненне да існуючых падаткаў або
замест іх. Кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў паведамляюць адзін
аднаму аб любых значных змяненнях, якія ўнесены ў іх падатковае
заканадаўства.
РАЗДЗЕЛ ІІ
АЗНАЧЭННІ
Артыкул 3
Агульныя азначэнні
1. У дадзенай Канвенцыі, калі з кантэксту не вынікае іншае:
а) тэрмін «Беларусь» абазначае Рэспубліку Беларусь і пры
выкарыстанні ў геаграфічным сэнсе абазначае тэрыторыю, якая
знаходзіцца пад суверэнітэтам Рэспублікі Беларусь і якая ў
адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі і міжнародным правам
знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Рэспублікі Беларусь;
b) тэрмін «Італія» абазначае Італьянскую Рэспубліку;
с) тэрміны «адна Дагаворная Дзяржава» і «другая Дагаворная
Дзяржава» абазначаюць Беларусь або Італію ў залежнасці ад кантэксту;
d) тэрмін «асоба» ўключае фізічную асобу, кампанію і любое
іншае аб'яднанне асоб;
е) тэрмін «кампанія» абазначае любую юрыдычную асобу або любую
арганізацыю, якая разглядаецца ў якасці асобнай арганізацыі для мэт
падаткаабкладання;
f) тэрміны «прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы» і
«прадпрыемства другой Дагаворнай Дзяржавы» абазначаюць адпаведна:
прадпрыемства, якім кіруе рэзідэнт адной Дагаворнай Дзяржавы, і
прадпрыемства, якім кіруе рэзідэнт другой Дагаворнай Дзяржавы;
g) тэрмін «міжнародная перавозка» абазначае любую перавозку
марскім або паветраным суднам, што эксплуатуецца прадпрыемствам,
якое з'яўляецца рэзідэнтам адной Дагаворнай Дзяржавы, за выключэннем
выпадкаў, калі марское або паветранае судна эксплуатуецца выключна
паміж пунктамі ў другой Дагаворнай Дзяржаве;
h) тэрмін «грамадзяне» абазначае:
(і) усіх фізічных асоб, якія маюць грамадзянства Дагаворнай
Дзяржавы;
(іі) любыя юрыдычныя асобы, таварыствы і асацыяцыі, якія
атрымліваюць свой статус як такі па заканадаўстве, што дзейнічае ў
Дагаворнай Дзяржаве;
і) тэрмін «кампетэнтны орган» абазначае:
(і) у выпадку Беларусі - Міністэрства па падатках і зборах або
яго паўнамоцнага прадстаўніка;
(іі) у выпадку Італіі - Міністэрства фінансаў.
2. Што датычыцца прымянення дадзенай Канвенцыі Дагаворнай
Дзяржавай, то любы тэрмін, не вызначаны ў ёй, мае, калі з кантэксту
не вынікае іншае, тое значэнне, якое ён мае па заканадаўстве гэтай
Дагаворнай Дзяржавы ў адносінах да падаткаў, на якія
распаўсюджваецца дадзеная Канвенцыя.
Артыкул 4
Рэзідэнт
1. Для мэт дадзенай Канвенцыі тэрмін «рэзідэнт адной
Дагаворнай Дзяржавы» абазначае любую асобу, якая па заканадаўстве
гэтай Дзяржавы падлягае падаткаабкладанню ў ёй на падставе месца
жыхарства, месца рэгістрацыі, пастаяннага месцазнаходжання, месца
кіравання або любой іншай аналагічнай прыкметы. Аднак гэты тэрмін не
ўключае асобу, якая падлягае падаткаабкладанню ў гэтай Дзяржаве
толькі ў дачыненні да даходаў з крыніц у гэтай Дзяржаве або
капіталу, які ў ёй знаходзіцца.
2. У выпадку, калі ў адпаведнасці з палажэннямі пункта 1
фізічная асоба з'яўляецца рэзідэнтам абедзвюх Дагаворных Дзяржаў, яе
становішча вызначаецца наступным чынам:
а) яна лічыцца рэзідэнтам той Дагаворнай Дзяржавы, у якой яна
мае пастаяннае жыллё; калі яна мае пастаяннае жыллё ў абедзвюх
Дагаворных Дзяржавах, яна лічыцца рэзідэнтам той Дагаворнай
Дзяржавы, у якой яна мае больш цесныя асабістыя і эканамічныя сувязі
(цэнтр жыццёвых інтарэсаў);
b) калі Дагаворная Дзяржава, у якой знаходзіцца цэнтр яе
жыццёвых інтарэсаў, не можа быць вызначана або калі яна не мае
пастаяннага жылля ні ў адной з Дагаворных Дзяржаў, яна лічыцца
рэзідэнтам той Дагаворнай Дзяржавы, у якой яна звычайна пражывае;
с) калі яна звычайна пражывае ў абедзвюх Дагаворных Дзяржавах
або калі яна звычайна не пражывае ні ў адной з іх, яна лічыцца
рэзідэнтам той Дагаворнай Дзяржавы, грамадзянінам якой яна
з'яўляецца;
d) калі яна не з'яўляецца грамадзянінам ніводнай з Дагаворных
Дзяржаў, кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў вырашаюць пытанне па
ўзаемнай згодзе.
3. У выпадку, калі ў адпаведнасці з палажэннямі пункта 1
асоба, якая не з'яўляецца фізічнай асобай, з'яўляецца рэзідэнтам
абедзвюх Дагаворных Дзяржаў, кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў
вырашаюць пытанне па ўзаемнай згодзе.
Артыкул 5
Пастаяннае прадстаўніцтва
1. Для мэт дадзенай Канвенцыі тэрмін «пастаяннае
прадстаўніцтва» абазначае пастаяннае месца дзейнасці, праз якое
поўнасцю або часткова ажыццяўляецца прадпрымальніцкая дзейнасць
прадпрыемства.
2. Тэрмін «пастаяннае прадстаўніцтва» ўключае, у прыватнасці:
а) месца кіравання;
b) аддзяленне;
c) кантору;
d) фабрыку;
e) майстэрню;
f) руднік, кар'ер або любое іншае месца здабычы прыродных
рэсурсаў;
g) будаўнічую пляцоўку або будаўнічы або мантажны аб'ект, якія
існуюць больш дванаццаці месяцаў.
3. Тэрмін «пастаяннае прадстаўніцтва» не разглядаецца як той,
які ўключае:
а) выкарыстанне збудаванняў выключна для мэт захоўвання,
дэманстрацыі або пастаўкі тавараў або вырабаў, якія належаць
прадпрыемству;
b) утрыманне запасаў тавараў або вырабаў, якія належаць
прадпрыемству, выключна ў мэтах захоўвання, дэманстрацыі або
пастаўкі;
с) утрыманне запасаў тавараў або вырабаў, якія належаць
прадпрыемству, выключна для мэт перапрацоўкі другім прадпрыемствам;
d) утрыманне пастаяннага месца дзейнасці выключна для мэт
закупкі тавараў або вырабаў або для збору інфармацыі для
прадпрыемства;
е) утрыманне пастаяннага месца дзейнасці выключна для мэт
ажыццяўлення рэкламы, прадастаўлення інфармацыі, навуковых
даследаванняў або падобнай дзейнасці падрыхтоўчага або дапаможнага
характару для прадпрыемства.
4. Асоба, якая дзейнічае ў адной Дагаворнай Дзяржаве ад імя
прадпрыемства другой Дагаворнай Дзяржавы, іншая, чым агент з
незалежным статусам, да якой прымяняецца пункт 5, разглядаецца ў
якасці пастаяннага прадстаўніцтва ў першай названай Дзяржаве, калі
яна мае і звычайна выкарыстоўвае ў гэтай Дзяржаве паўнамоцтвы
заключаць кантракты ад імя прадпрыемства, калі яе дзейнасць не
абмежавана пакупкай тавараў або вырабаў для прадпрыемства.
5. Прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы не разглядаецца як
тое, якое мае пастаяннае прадстаўніцтва ў другой Дагаворнай Дзяржаве
толькі на той падставе, што яно ажыццяўляе прадпрымальніцкую
дзейнасць у гэтай другой Дзяржаве праз брокера, камісіянера або
любога іншага агента з незалежным статусам пры ўмове, што гэтыя
асобы дзейнічаюць у рамках сваёй звычайнай прафесіянальнай
дзейнасці.
6. Той факт, што кампанія, якая з'яўляецца рэзідэнтам адной
Дагаворнай Дзяржавы, кантралюе або кантралюецца кампаніяй, якая
з'яўляецца рэзідэнтам другой Дагаворнай Дзяржавы, або якая
ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць у гэтай другой Дзяржаве (праз
пастаяннае прадстаўніцтва або іншым чынам), сам па сабе не
пераўтварае адну з гэтых кампаній у пастаяннае прадстаўніцтва
другой.
РАЗДЗЕЛ III
ПАДАТКААБКЛАДАННЕ ДАХОДУ
Артыкул 6
Даходы ад нерухомай маёмасці
1. Даходы, якія атрымлівае рэзідэнт адной Дагаворнай Дзяржавы
ад нерухомай маёмасці (уключаючы даход ад сельскай або лясной
гаспадаркі), што знаходзіцца ў другой Дагаворнай Дзяржаве, могуць
абкладацца падаткам у гэтай другой Дзяржаве.
2. Тэрмін «нерухомая маёмасць» вызначаецца ў адпаведнасці з
заканадаўствам той Дагаворнай Дзяржавы, у якой знаходзіцца гэта
маёмасць. Марскія і паветраныя судны не разглядаюцца ў якасці
нерухомай маёмасці.
3. Палажэнні пункта 1 прымяняюцца да даходаў, якія
атрымліваюцца ад прамога выкарыстання, здачы ў арэнду або
выкарыстання нерухомай маёмасці ў любой іншай форме.
4. Палажэнні пунктаў 1 і 3 прымяняюцца таксама да даходаў ад
нерухомай маёмасці прадпрыемства і да даходаў ад нерухомай маёмасці,
якая выкарыстоўваецца для аказання незалежных асабістых паслуг.
Артыкул 7
Прыбытак ад прадпрымальніцкай дзейнасці
1. Прыбытак прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы
абкладаецца падаткам толькі ў гэтай Дзяржаве, калі толькі гэта
прадпрыемства не ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць у другой
Дагаворнай Дзяржаве праз размешчанае там пастаяннае прадстаўніцтва.
Калі прадпрыемства ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць, як
зазначана вышэй, прыбытак прадпрыемства можа абкладацца падаткам у
другой Дзяржаве, але толькі ў той частцы, якая адносіцца да гэтага
пастаяннага прадстаўніцтва.
2. З улікам палажэнняў пункта 3, калі прадпрыемства адной
Дагаворнай Дзяржавы ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць у другой
Дагаворнай Дзяржаве праз пастаяннае прадстаўніцтва, якое там
знаходзіцца, то ў кожнай Дагаворнай Дзяржаве гэтаму пастаяннаму
прадстаўніцтву залічваецца прыбытак, які яно магло б атрымаць у
выпадку, калі б яно было адасобленым і асобным прадпрыемствам, што
ажыццяўляе такую ж або аналагічную дзейнасць у такіх жа або
аналагічных умовах і дзейнічае цалкам незалежна ад прадпрыемства,
пастаянным прадстаўніцтвам якога яно з'яўляецца.
3. Пры вызначэнні прыбытку пастаяннага прадстаўніцтва
дапускаецца вылічэнне выдаткаў, панесеных для мэт такога пастаяннага
прадстаўніцтва, уключаючы кіраўніцкія і агульнаадміністрацыйныя
расходы, панесеныя як у Дзяржаве, дзе размешчана пастаяннае
прадстаўніцтва, так і за яе межамі.
4. Паколькі вызначэнне прыбытку ў Дагаворнай Дзяржаве, які
адносіцца да пастаяннага прадстаўніцтва, на аснове прапарцыянальнага
размеркавання агульнай сумы прыбытку прадпрыемства яго розным
падраздзяленням з'яўляецца звычайнай практыкай, нішто ў пункце 2 не
перашкаджае гэтай Дагаворнай Дзяржаве вызначаць падаткаабкладаемы
прыбытак з дапамогай такога размеркавання, як прынята на практыцы.
Аднак выбраны метад размеркавання павінен даваць вынікі, якія
адпавядаюць прынцыпам, змешчаным у гэтым артыкуле.
5. Ніякі прыбытак не адносіцца да пастаяннага прадстаўніцтва
на падставе толькі закупкі гэтым пастаянным прадстаўніцтвам тавараў
або вырабаў для прадпрыемства.
6. Для мэт папярэдніх пунктаў прыбытак, які адносіцца да
пастаяннага прадстаўніцтва, вызначаецца кожны год адным і тым жа
метадам, калі толькі не будзе дастатковай і важкай прычыны для яго
змянення.
7. Калі прыбытак уключае віды даходаў, якія разглядаюцца
асобна ў іншых артыкулах дадзенай Канвенцыі, палажэнні гэтых
артыкулаў не закранаюцца палажэннямі дадзенага артыкула.
Артыкул 8
Марскі і паветраны транспарт
1. Прыбытак, які атрымлівае прадпрыемства адной Дагаворнай
Дзяржавы ад эксплуатацыі марскіх або паветраных суднаў у міжнародных
перавозках, абкладаецца падаткам толькі ў гэтай Дзяржаве.
2. Палажэнні пункта 1 прымяняюцца таксама да прыбытку ад
удзелу ў пуле, у сумеснай дзейнасці або міжнароднай арганізацыі па
эксплуатацыі транспартных сродкаў.
Артыкул 9
Асацыіраваныя прадпрыемствы
1. У выпадку, калі:
а) прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы прама або ўскосна
ўдзельнічае ў кіраванні, кантролі або капітале прадпрыемства другой
Дагаворнай Дзяржавы, або
b) адны і тыя ж асобы прама або ўскосна ўдзельнічаюць у
кіраванні, кантролі або капітале прадпрыемства адной Дагаворнай
Дзяржавы і прадпрыемства другой Дагаворнай Дзяржавы,
і ў кожным выпадку паміж двума прадпрыемствамі ў іх
камерцыйных або фінансавых узаемаадносінах ствараюцца або
ўстанаўліваюцца ўмовы, адрозныя ад тых, якія мелі б месца паміж
незалежнымі прадпрыемствамі, тады любы прыбытак, які мог бы быць
налічаны аднаму з прадпрыемстваў, але з-за наяўнасці гэтых умоў не
быў яму налічаны, можа быць уключаны ў прыбытак гэтага прадпрыемства
і, адпаведна, абкладзены падаткам.
2. У выпадку, калі адна Дагаворная Дзяржава ўключае ў прыбытак
прадпрыемства гэтай Дзяржавы і адпаведна абкладае падаткам прыбытак,
па якім прадпрыемства другой Дагаворнай Дзяржавы абкладзена падаткам
у гэтай другой Дзяржаве, і прыбытак, такім чынам уключаны,
з'яўляецца прыбыткам, які быў бы налічаны прадпрыемству першай
названай Дзяржавы, калі б умовы ўзаемаадносін паміж двума
прадпрыемствамі былі б умовамі, якія існуюць паміж незалежнымі
прадпрыемствамі, тады гэта другая Дзяржава робіць адпаведную
карэкціроўку ў суме падатку, што спаганяецца з гэтага прыбытку.
Любая такая карэкціроўка выконваецца толькі ў адпаведнасці з
працэдурай узаемнага пагаднення, што прадугледжана артыкулам 26
дадзенай Канвенцыі і пунктам 10 дадатковага пратакола да Канвенцыі.
Артыкул 10
Дывідэнды
1. Дывідэнды, што выплачваюцца кампаніяй, якая з'яўляецца
рэзідэнтам адной Дагаворнай Дзяржавы, рэзідэнту другой Дагаворнай
Дзяржавы, могуць абкладацца падаткамі ў гэтай другой Дзяржаве.
2. Аднак такія дывідэнды могуць таксама абкладацца падаткамі ў
той Дагаворнай Дзяржаве, рэзідэнтам якой з'яўляецца кампанія, якая
выплачвае дывідэнды, і ў адпаведнасці з заканадаўствам гэтай
Дагаворнай Дзяржавы, але калі атрымальнік з'яўляецца сапраўдным
уладальнікам дывідэндаў, спаганяемы падатак не перавышае:
а) 5 працэнтаў валавой сумы дывідэндаў, калі сапраўдным
уладальнікам з'яўляецца кампанія (іншая, чым таварыства), якая
непасрэдна валодае не менш чым 25 працэнтамі капіталу кампаніі, якая
выплачвае дывідэнды;
b) 15 працэнтаў валавой сумы дывідэндаў ва ўсіх іншых
выпадках.
Кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў вызначаюць спосаб
прымянення гэтага абмежавання па ўзаемнай згодзе.
Гэты пункт не закранае падаткаабкладання кампаніі ў дачыненні
да прыбытку, з якога выплачваюцца дывідэнды.
3. Тэрмін «дывідэнды» пры выкарыстанні ў гэтым артыкуле
абазначае даход ад акцый або іншых правоў, якія не з'яўляюцца
даўгавымі патрабаваннямі, што даюць права на ўдзел у прыбытку, а
таксама даход ад іншых правоў, які падлягае такому ж падатковаму
рэгуляванню, як даходы ад акцый, у адпаведнасці з падатковым
заканадаўствам той Дзяржавы, рэзідэнтам якой з'яўляецца кампанія,
якая размяркоўвае прыбытак.
4. Палажэнні пунктаў 1 і 2 не прымяняюцца, калі сапраўдны
ўладальнік дывідэндаў як рэзідэнт адной Дагаворнай Дзяржавы
ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць у другой Дагаворнай Дзяржаве,
рэзідэнтам якой з'яўляецца кампанія, што выплачвае дывідэнды, праз
размешчанае пастаяннае прадстаўніцтва, што знаходзіцца ў ёй, або
ажыццяўляе ў гэтай другой Дзяржаве незалежныя асабістыя паслугі з
размешчанай пастаяннай базы, якая знаходзіцца там, і холдынг, у
дачыненні да якога выплачваюцца дывідэнды, сапраўды адносіцца да
такога пастаяннага прадстаўніцтва або пастаяннай базы. У такім
выпадку дывідэнды абкладаюцца падаткам у гэтай другой Дагаворнай
Дзяржаве ў адпаведнасці з яе ўласным заканадаўствам.
5. У выпадку, калі кампанія, якая з'яўляецца рэзідэнтам адной
Дагаворнай Дзяржавы, атрымлівае прыбытак або даходы з другой
Дагаворнай Дзяржавы, гэта другая Дзяржава не абкладае падаткам
дывідэнды, якія выплачваюцца гэтай кампаніяй, за выключэннем, калі
гэтыя дывідэнды выплачваюцца рэзідэнту гэтай другой Дзяржавы або
калі холдынг, у дачыненні да якога выплачваюцца дывідэнды, сапраўды
звязаны з пастаянным прадстаўніцтвам або пастаяннай базай, што
знаходзяцца ў гэтай другой Дзяржаве, і не падвяргае неразмеркаваны
прыбытак кампаніі падатку на неразмеркаваны прыбытак кампаніі, нават
калі выплачваемыя дывідэнды або неразмеркаваны прыбытак складаюцца
поўнасцю або часткова з прыбытку або даходу, якія ўзнікаюць у такой
другой Дзяржаве.
Артыкул 11
Працэнты
1. Працэнты, якія ўзнікаюць у адной Дагаворнай Дзяржаве і
выплачваюцца рэзідэнту другой Дагаворнай Дзяржавы, могуць абкладацца
падаткамі ў гэтай другой Дзяржаве.
2. Аднак такія працэнты могуць таксама абкладацца падаткамі ў
той Дагаворнай Дзяржаве, у якой яны ўзнікаюць, і ў адпаведнасці з
заканадаўствам гэтай Дзяржавы, але калі атрымальнік з'яўляецца
сапраўдным уладальнікам працэнтаў, спаганяемы падатак не перавышае 8
працэнтаў валавой сумы працэнтаў.
Кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў вызначаюць спосаб
прымянення гэтага абмежавання па ўзаемнай згодзе.
3. Нягледзячы на палажэнні пункта 2, працэнты, якія ўзнікаюць
у адной Дагаворнай Дзяржаве, вызваляюцца ад падатку ў гэтай
Дзяржаве, калі:
а) плацельшчыкам працэнтаў з'яўляецца Урад гэтай Дагаворнай
Дзяржавы або яе мясцовы орган улады; або
b) працэнты выплачваюцца Ураду другой Дагаворнай Дзяржавы або
яе мясцоваму органу ўлады або любому агенцтву або органу (уключаючы
фінансавую ўстанову), які поўнасцю належыць гэтай другой Дагаворнай
Дзяржаве або яе мясцоваму органу ўлады; або
c) працэнты выплачваюцца любому другому агенцтву або органу
(уключаючы фінансавую ўстанову) у дачыненні да займаў, што
прадстаўлены ў сувязі з прымяненнем пагаднення, якое заключана паміж
Урадамі Дагаворных Дзяржаў.
4. Тэрмін «працэнты» пры выкарыстанні ў гэтым артыкуле
абазначае даход ад урадавых каштоўных папер, аблігацый або даўгавых
абавязацельстваў без залежнасці ад іпатэчнага забеспячэння і без
залежнасці ад валодання правам на ўдзел у прыбытках даўжніка, і
даўгавых патрабаванняў любога віду, а таксама ўсе іншыя даходы,
падобныя даходу ад пазык, выдадзеных па падатковым заканадаўстве той
Дзяржавы, у якой узнікае даход.
5. Палажэнні пунктаў 1-3 не прымяняюцца, калі сапраўдны
ўладальнік працэнтаў як рэзідэнт адной Дагаворнай Дзяржавы
ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць у другой Дагаворнай Дзяржаве,
у якой узнікаюць працэнты, праз размешчанае там пастаяннае
прадстаўніцтва або аказвае ў гэтай другой Дзяржаве незалежныя
асабістыя паслугі з пастаяннай базы, якая там размешчана, і даўгавое
патрабаванне, на падставе якога выплачваюцца працэнты, сапраўды
звязана з такім пастаянным прадстаўніцтвам або пастаяннай базай. У
такім выпадку працэнты абкладаюцца падаткам у гэтай другой
Дагаворнай Дзяржаве ў адпаведнасці з яе ўласным заканадаўствам.
6. Лічыцца, што працэнты ўзнікаюць у Дагаворнай Дзяржаве, калі
плацельшчыкам з'яўляецца сама гэта Дзяржава, палітыка-
адміністрацыйнае падраздзяленне, мясцовы орган улады або рэзідэнт
гэтай Дзяржавы. Калі, аднак, асоба, якая выплачвае працэнты,
незалежна ад таго, ці з'яўляецца яна рэзідэнтам Дагаворнай Дзяржавы
ці не, мае ў Дагаворнай Дзяржаве пастаяннае прадстаўніцтва або
пастаянную базу, у сувязі з якімі ўзнікла запазычанасць, па якой
выплачваюцца працэнты, і расходы па выплаце гэтых працэнтаў нясе
гэта пастаяннае прадстаўніцтва або пастаянная база, то лічыцца, што
такія працэнты ўзнікаюць у той Дагаворнай Дзяржаве, у якой
размешчана пастаяннае прадстаўніцтва або пастаянная база.
7. Калі па прычыне асаблівых адносін паміж плацельшчыкам і
сапраўдным уладальнікам або паміж імі абодвума і якой-небудзь трэцяй
асобай сума працэнтаў, што адносіцца да даўгавога патрабавання, у
сувязі з якім яны выплачваюцца, перавышае суму, якая была б
узгоднена паміж плацельшчыкам і сапраўдным уладальнікам пры
адсутнасці такіх адносін, то палажэнні гэтага артыкула прымяняюцца
толькі да апошняй названай сумы. У такім выпадку залішняя частка
плацяжоў па-ранейшаму падлягае падаткаабкладанню ў адпаведнасці з
заканадаўствам кожнай Дагаворнай Дзяржавы з належным улікам іншых
палажэнняў дадзенай Канвенцыі.
Артыкул 12
Роялці
1. Роялці, якія ўзнікаюць у адной Дагаворнай Дзяржаве і
выплачваюцца рэзідэнту другой Дагаворнай Дзяржавы, могуць абкладацца
падаткамі ў гэтай другой Дзяржаве.
2. Аднак такія роялці могуць таксама абкладацца падаткамі у
той Дагаворнай Дзяржаве, у якой яны ўзнікаюць, і ў адпаведнасці з
заканадаўствам гэтай Дзяржавы, але калі атрымальнік з'яўляецца
сапраўдным уладальнікам роялці, спаганяемы падатак не перавышае 6
працэнтаў валавой сумы роялці.
Кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў вызначаюць спосаб
прымянення гэтага абмежавання па ўзаемнай згодзе.
3. Тэрмін «роялці» пры выкарыстанні ў гэтым артыкуле абазначае
плацяжы любога віду, што атрыманы ў якасці ўзнагароджання за
выкарыстанне або за прадастаўленне права выкарыстання любога
аўтарскага права на творы літаратуры, мастацтва або навукі,
уключаючы кінафільмы або плёнкі, што выкарыстоўваюцца для
тэлебачання або радыёвяшчання, любога патэнта, гандлёвай маркі,
дызайна або мадэлі, плана, сакрэтнай формулы або працэсу, або за
выкарыстанне, або за прадастаўленне права выкарыстання прамысловага,
камерцыйнага або навуковага абсталявання, або транспартных сродкаў,
або за інфармацыю, што датычыцца прамысловага, камерцыйнага або
навуковага вопыту.
4. Палажэнні пунктаў 1 і 2 не прымяняюцца, калі сапраўдны
ўладальнік роялці як рэзідэнт адной Дагаворнай Дзяржавы ажыццяўляе
прадпрымальніцкую дзейнасць у другой Дагаворнай Дзяржаве, у якой
узнікаюць роялці, праз размешчанае там пастаяннае прадстаўніцтва або
аказвае ў гэтай другой Дзяржаве незалежныя асабістыя паслугі з
пастаяннай базы, што там знаходзіцца, і права або маёмасць, у
дачыненні да якіх выплачваюцца роялці, сапраўды звязаны з такім
пастаянным прадстаўніцтвам або пастаяннай базай. У такім выпадку
роялці абкладаюцца падаткам у гэтай другой Дагаворнай Дзяржаве ў
адпаведнасці з яе ўласным заканадаўствам.
5. Лічыцца, што роялці ўзнікаюць у Дагаворнай Дзяржаве, калі
плацельшчыкам з'яўляецца сама Дагаворная Дзяржава, палітыка-
адміністрацыйнае падраздзяленне, мясцовы орган улады або рэзідэнт
гэтай Дзяржавы. Калі, аднак, асоба, якая выплачвае роялці, незалежна
ад таго, ці з'яўляецца яна рэзідэнтам Дагаворнай Дзяржавы ці не, мае
ў Дагаворнай Дзяржаве пастаяннае прадстаўніцтва або пастаянную базу,
у сувязі з якімі ўзнікла абавязацельства выплачваць роялці, і такія
роялці выплачваюцца гэтым пастаянным прадстаўніцтвам або пастаяннай
базай, тады лічыцца, што роялці ўзнікаюць у той Дагаворнай Дзяржаве,
у якой знаходзіцца пастаяннае прадстаўніцтва або пастаянная база.
6. Калі па прычыне асаблівых адносін паміж плацельшчыкам і
сапраўдным уладальнікам або паміж імі абодвума і якой-небудзь трэцяй
асобай сума роялці, якая адносіцца да выкарыстання, права або
інфармацыі, на падставе якіх яны выплачваюцца, перавышае суму, якая
была б узгоднена паміж плацельшчыкам і сапраўдным уладальнікам пры
адсутнасці такіх адносін, палажэнні гэтага артыкула прымяняюцца
толькі да апошняй названай сумы. У такім выпадку залішняя частка
плацяжу па-ранейшаму падлягае падаткаабкладанню ў адпаведнасці з
заканадаўствам кожнай Дагаворнай Дзяржавы з належным улікам іншых
палажэнняў дадзенай Канвенцыі.
Артыкул 13
Прырост капіталу
1. Даходы ад адчужэння нерухомай маёмасці, як вызначана ў
пункце 2 артыкула 6, могуць абкладацца падаткамі ў той Дагаворнай
Дзяржаве, у якой знаходзіцца такая маёмасць.
2. Даходы ад адчужэння маёмасці, іншай, чым нерухомая
маёмасць, якая складае частку камерцыйнай маёмасці пастаяннага
прадстаўніцтва, якое прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы мае ў
другой Дагаворнай Дзяржаве, або маёмасці, іншай, чым нерухомая
маёмасць, што адносіцца да пастаяннай базы, даступнай рэзідэнту
адной Дагаворнай Дзяржавы ў другой Дагаворнай Дзяржаве для аказання
незалежных асабістых паслуг, уключаючы даходы ад адчужэння такога
пастаяннага прадстаўніцтва (асобна або ў сукупнасці з цэлым
прадпрыемствам) або такой пастаяннай базы, могуць абкладацца
падаткам у гэтай другой Дзяржаве.
3. Даходы, якія атрымлівае прадпрыемства адной Дагаворнай
Дзяржавы ад адчужэння марскіх або паветраных суднаў, што
эксплуатуюцца ў міжнародных перавозках, або маёмасці, іншай, чым
нерухомая маёмасць, што адносіцца да эксплуатацыі такіх марскіх або
паветраных суднаў, абкладаюцца падаткам толькі ў гэтай Дзяржаве.
4. Даходы ад адчужэння любой маёмасці, акрамя пералічанай у
пунктах 1, 2 і 3, абкладаюцца падаткам толькі ў той Дагаворнай
Дзяржаве, рэзідэнтам якой з'яўляецца асоба, якая адчужае маёмасць.
Артыкул 14
Незалежныя асабістыя паслугі
1. Даход, які атрымлівае рэзідэнт адной Дагаворнай Дзяржавы ў
дачыненні да прафесіянальных паслуг або іншай незалежнай дзейнасці
падобнага характару, абкладаецца падаткам толькі ў гэтай Дзяржаве,
за выключэннем выпадкаў, калі ён мае рэгулярна даступную пастаянную
базу ў другой Дагаворнай Дзяржаве для ажыццяўлення гэтай дзейнасці.
Калі ён мае такую пастаянную базу, даход можа абкладацца падаткам у
другой Дагаворнай Дзяржаве, але толькі па даходу, які адносіцца да
гэтай пастаяннай базы.
2. Тэрмін «прафесіянальныя паслугі» ўключае, у прыватнасці,
незалежную навуковую, літаратурную, артыстычную, адукацыйную або
выкладчыцкую дзейнасць, таксама як і незалежную дзейнасць урачоў,
адвакатаў, інжынераў, архітэктараў, зубных урачоў і бухгалтараў.
Артыкул 15
Залежныя асабістыя паслугі
1. З улікам палажэнняў артыкулаў 16, 18, 19 і 20 заработная
плата і іншыя падобныя ўзнагароджанні, якія атрымлівае рэзідэнт
адной Дагаворнай Дзяржавы ў дачыненні да работы па найме,
абкладаюцца падаткам толькі ў гэтай Дзяржаве, калі толькі работа па
найме не ажыццяўляецца ў другой Дагаворнай Дзяржаве. Калі работа па
найме ажыццяўляецца такім чынам, атрыманае ў сувязі з гэтым
узнагароджанне можа абкладацца падаткам у гэтай другой Дзяржаве.
2. Нягледзячы на палажэнні пункта 1, узнагароджанне, якое
атрымлівае рэзідэнт адной Дагаворнай Дзяржавы ў дачыненні да работы
па найме, што ажыццяўляецца ў другой Дагаворнай Дзяржаве,
абкладаецца падаткам толькі ў першай названай Дзяржаве, калі:
а) атрымальнік знаходзіцца ў другой Дзяржаве на працягу
перыяду або перыядаў, якія не перавышаюць у сукупнасці 183 дзен у
любым дванаццацімесячным перыядзе, які пачынаецца або заканчваецца ў
адпаведным падатковым годзе, і
b) узнагароджанне выплачваецца наймальнікам або ад імя
наймальніка, які не з'яўляецца рэзідэнтам другой Дзяржавы, і
с) расходы па выплаце ўзнагароджання не нясе пастаяннае
прадстаўніцтва або пастаянная база, якія наймальнік мае ў другой
Дзяржаве.
3. Нягледзячы на папярэднія палажэнні гэтага артыкула,
узнагароджанне, якое атрымліваецца ў дачыненні да работы па найме,
што ажыццяўляецца на борце марскога або паветранага судна, якія
эксплуатуюцца ў міжнародных перавозках прадпрыемствам адной
Дагаворнай Дзяржавы, можа абкладацца падаткам у гэтай Дзяржаве.
Артыкул 16
Ганарары дырэктараў
Ганарары дырэктараў і іншыя падобныя выплаты, якія атрымлівае
рэзідэнт адной Дагаворнай Дзяржавы ў якасці члена савета дырэктараў
кампаніі, якая з'яўляецца рэзідэнтам другой Дагаворнай Дзяржавы,
могуць абкладацца падаткамі ў гэтай другой Дзяржаве.
Артыкул 17
Артысты і спартсмены
1. Нягледзячы на палажэнні артыкулаў 14 і 15, даход, які
атрымлівае рэзідэнт адной Дагаворнай Дзяржавы ў якасці работніка
мастацтваў, такога, як артыст тэатра, кіно, радыё або тэлебачання,
або музыканта, або ў якасці спартсмена ад яго асабістай дзейнасці як
такой, што ажыццяўляецца ў другой Дагаворнай Дзяржаве, можа
абкладацца падаткам у гэтай другой Дзяржаве.
2. У выпадку, калі даход у дачыненні да асабістай дзейнасці,
што ажыццяўляецца работнікам мастацтваў або спартсменам у такой яго
якасці, налічваецца не самому работніку мастацтваў або спартсмену, а
другой асобе, гэты даход, нягледзячы на палажэнні артыкулаў 7, 14 і
15, можа абкладацца падаткам у той Дагаворнай Дзяржаве, у якой
ажыццяўляецца дзейнасць работніка мастацтваў або спартсмена.
Артыкул 18
Пенсіі
1.З улікам палажэнняў пункта 2 артыкула 19 дадзенай Канвенцыі
пенсіі і іншыя падобныя ўзнагароджанні, якія выплачваюцца рэзідэнту
Дагаворнай Дзяржавы за работу па найме ў мінулым, абкладаюцца
падаткам толькі ў гэтай Дзяржаве.
2. Нягледзячы на палажэнні пункта 1, выплаты, што атрымлівае
фізічная асоба, якая з'яўляецца рэзідэнтам адной Дагаворнай
Дзяржавы, па сацыяльным забеспячэнні, якое ўстаноўлена законам
другой Дагаворнай Дзяржавы, абкладаюцца падаткам толькі ў гэтай
другой Дзяржаве.
Артыкул 19
Дзяржаўная служба
1. а) Узнагароджанне, іншае, чым пенсія, якое выплачваецца
Дагаворнай Дзяржавай, або яе палітыка-адміністрацыйным
падраздзяленнем, або мясцовым органам улады любой фізічнай асобе ў
дачыненні да паслуг, якія аказаны гэтай Дзяржаве, падраздзяленню або
органу ўлады, абкладаецца падаткам толькі ў гэтай Дзяржаве.
b) Аднак такое ўзнагароджанне абкладаецца падаткам толькі ў
другой Дагаворнай Дзяржаве, калі паслугі аказваюцца ў гэтай Дзяржаве
і фізічная асоба з'яўляецца рэзідэнтам гэтай Дзяржавы, якая:
(і) з'яўляецца грамадзянінам гэтай Дзяржавы, або
(іі) не стала рэзідэнтам гэтай Дзяржавы толькі з мэтай
аказання паслуг.
2. а) Любая пенсія, якая выплачваецца Дагаворнай Дзяржавай або
яе палітыка-адміністрацыйным падраздзяленнем або мясцовым органам
улады або з фондаў, створаных імі, любой фізічнай асобе ў дачыненні
да паслуг, што аказаны гэтай Дзяржаве, падраздзяленню або органу
ўлады, абкладаецца падаткам толькі ў гэтай Дзяржаве.
b) Аднак такая пенсія абкладаецца падаткам толькі ў другой
Дагаворнай Дзяржаве, калі фізічная асоба з'яўляецца рэзідэнтам і
грамадзянінам гэтай Дзяржавы.
3. Палажэнні артыкулаў 15, 16 і 18 прымяняюцца да
ўзнагароджання або пенсій у дачыненні да паслуг, якія аказваюцца ў
сувязі з прадпрымальніцкай дзейнасцю, што ажыццяўляецца адной з
Дагаворных Дзяржаў або яе палітыка-адміністрацыйным падраздзяленнем
або мясцовым органам улады.
Артыкул 20
Выкладчыкі
1. Выкладчык, які часова знаходзіцца ў адной Дагаворнай
Дзяржаве на працягу перыяду, які не перавышае двух гадоў, з мэтай
выкладання або правядзення навуковых даследаванняў ва універсітэце,
каледжы, школе або іншай навучальнай установе і які з'яўляецца або
з'яўляўся непасрэдна перад такім прыездам рэзідэнтам другой
Дагаворнай Дзяржавы, вызваляецца ад падатку ў першай названай
Дагаворнай Дзяржаве ў дачыненні да ўзнагароджання за такое
выкладанне або навуковае даследаванне.
2. Палажэнні пункта 1 гэтага артыкула не прымяняюцца да даходу
ад навуковых даследаванняў, калі такія даследаванні прадпрымаюцца не
ў дзяржаўных інтарэсах, а ў першую чаргу для асабістай выгады гэтай
асобы або асоб.
Артыкул 21
Студэнты
Выплаты, якія студэнт або навучэнец, што з'яўляецца або
непасрэдна перад прыездам у адну Дагаворную Дзяржаву з'яўляўся
рэзідэнтам другой Дагаворнай Дзяржавы і які знаходзіцца ў першай
названай Дзяржаве выключна з мэтай атрымання адукацыі або
праходжання практыкі, атрымлівае для мэт яго ўтрымання, навучання
або практыкі, не абкладаюцца падаткам у гэтай Дзяржаве пры ўмове,
што такія плацяжы ўзнікаюць з крыніц за межамі гэтай Дзяржавы.
Артыкул 22
Іншыя даходы
1. Віды даходаў рэзідэнта Дагаворнай Дзяржавы незалежна ад
таго, дзе яны ўзнікаюць, не названыя ў папярэдніх артыкулах дадзенай
Канвенцыі, абкладаюцца падаткамі толькі ў гэтай Дзяржаве.
2. Палажэнні пункта 1 не прымяняюцца да даходаў, іншых, чым
даходы ад нерухомай маёмасці, вызначанай у пункце 2 артыкула 6, калі
атрымальнік такіх даходаў як рэзідэнт адной Дагаворнай Дзяржавы
ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць у другой Дагаворнай Дзяржаве
праз размешчанае там пастаяннае прадстаўніцтва або аказвае ў гэтай
другой Дзяржаве незалежныя асабістыя паслугі праз пастаянную базу,
якая там знаходзіцца, і права або маёмасць, у адносінах да якіх
выплачваецца даход, сапраўды звязана з такім пастаянным
прадстаўніцтвам або пастаяннай базай. У такім выпадку віды даходаў
абкладаюцца падаткам у гэтай другой Дагаворнай Дзяржаве згодна з яе
заканадаўствам.
Артыкул 23
Капітал
1. Капітал, які прадстаўлены нерухомай маёмасцю, аб якой
гаворыцца ў артыкуле 6, што належыць рэзідэнту адной Дагаворнай
Дзяржавы і размешчаны ў другой Дагаворнай Дзяржаве, можа абкладацца
падаткам у гэтай другой Дзяржаве.
2. Капітал, які прадстаўлены маёмасцю, іншай, чым нерухомая
маёмасць, што з'яўляецца часткай камерцыйнай маёмасці пастаяннага
прадстаўніцтва, якое прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы мае ў
другой Дагаворнай Дзяржаве, або маёмасцю, іншай, чым нерухомая
маёмасць, што адносіцца да пастаяннай базы, даступнай рэзідэнту
адной Дагаворнай Дзяржавы ў другой Дагаворнай Дзяржаве з мэтай
аказання незалежных асабістых паслуг, можа абкладацца падаткам у
гэтай другой Дзяржаве.
3. Капітал, які прадстаўлены марскімі або паветранымі суднамі,
што належаць рэзідэнту адной Дагаворнай Дзяржавы і эксплуатуюцца ў
міжнародных перавозках, або маёмасцю, іншай, чым нерухомая маёмасць,
што адносіцца да эксплуатацыі такіх марскіх або паветраных суднаў,
абкладаецца падаткам толькі ў гэтай Дагаворнай Дзяржаве.
4. Усе іншыя часткі капіталу рэзідэнта Дагаворнай Дзяржавы
абкладаюцца падаткам толькі ў гэтай Дзяржаве.
РАЗДЗЕЛ IV
Артыкул 24
Устараненне двайнога падаткаабкладання
1. Дасягнута згода, што двайное падаткаабкладанне ўстараняецца
ў адпаведнасці з наступнымі пунктамі гэтага артыкула.
2. У выпадку Беларусі:
Калі рэзідэнт Беларусі атрымлівае даход (прыбытак) або валодае
капіталам, які ў адпаведнасці з палажэннямі дадзенай Канвенцыі можа
абкладацца падаткам у Італіі, тады Беларусь дазваляе:
а) у якасці вылічэння з падатку на даход (прыбытак) гэтага
рэзідэнта суму, роўную падатку на даход, які аплачаны ў Італіі;
b) у якасці вылічэння з падатку на капітал гэтага рэзідэнта
суму, роўную падатку на капітал, які аплачаны ў Італіі.
Аднак такое вылічэнне ў любым выпадку не перавышае той часткі
падатку з даходу (прыбытку) або падатку на капітал, як падлічана да
прадастаўлення вылічэння, які адносіцца да даходу або капіталу, якія
могуць абкладацца падаткам у Італіі, у залежнасці ад абставін.
3. У выпадку Італіі:
Калі рэзідэнт Італіі валодае відамі даходу, якія абкладаюцца
падаткамі ў Беларусі, Італія пры вызначэнні сваіх падаткаў з даходу,
агавораных у артыкуле 2 дадзенай Канвенцыі, можа ўключыць у базу
падаткаабкладання названыя віды даходу, калі толькі спецыяльныя
палажэнні дадзенай Канвенцыі не прадугледжваюць іншага.
У такім выпадку Італія вылічвае з падаткаў, такім чынам
налічаных, падатак з даходаў, які аплачаны ў Беларусі, але ў суме,
якая не перавышае той часткі вышэйназванага італьянскага падатку,
прапарцыянальна якой такія віды даходу суадносяцца з агульным
даходам.
Аднак ніякі вылік не прадастаўляецца, калі гэты від даходу
падлягае ў Італіі канчатковаму падатку з крыніцы па заяве
атрымальніка названага даходу ў адпаведнасці з італьянскім
заканадаўствам.
РАЗДЗЕЛ V
СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 25
Недыскрымінацыя
1. Грамадзяне адной Дагаворнай Дзяржавы не падлягаюць у другой
Дагаворнай Дзяржаве іншаму або больш цяжкаму падаткаабкладанню або
звязанаму з ім патрабаванню, чым падаткаабкладанне і звязаныя з ім
патрабаванні, якім падлягаюць або могуць падлягаць грамадзяне гэтай
другой Дзяржавы пры тых жа абставінах. Дадзенае палажэнне таксама
прымяняецца, нягледзячы на палажэнні артыкула 1, да асоб, якія не
з'яўляюцца рэзідэнтамі адной або абедзвюх Дагаворных Дзяржаў.
2. Падаткаабкладанне пастаяннага прадстаўніцтва, якое
прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы мае ў другой Дагаворнай
Дзяржаве, не павінна быць менш спрыяльным у гэтай другой Дзяржаве,
чым падаткаабкладанне прадпрыемстваў гэтай другой Дзяржавы, якія
ажыццяўляюць падобную дзейнасць.
Дадзенае палажэнне не павінна тлумачыцца як тое, якое
абавязвае адну Дагаворную Дзяржаву прадастаўляць рэзідэнтам другой
Дагаворнай Дзяржавы якія-небудзь асабістыя льготы, вызваленні і
скідкі для мэт падаткаабкладання на аснове грамадзянскага статуса
або сямейных абавязацельстваў, якія яна прадастаўляе сваім уласным
рэзідэнтам.
3. За выключэннем выпадкаў, калі прымяняюцца палажэнні пункта
1 артыкула 9, пункта 7 артыкула 11 або пункта 6 артыкула 12,
працэнты, роялці і іншыя выплаты, якія выконвае прадпрыемства адной
Дагаворнай Дзяржавы рэзідэнту другой Дагаворнай Дзяржавы, падлягаюць
у мэтах вызначэння падаткаабкладаемага прыбытку такога прадпрыемства
вылічэнням на тых жа ўмовах, як калі б яны былі выплачаны рэзідэнту
першай названай Дзяржавы.
Падобным чынам любыя даўгі прадпрыемства адной Дагаворнай
Дзяржавы рэзідэнту другой Дагаворнай Дзяржавы падлягаюць у мэтах
вызначэння падаткаабкладаемага капіталу такога прадпрыемства
вылічэнням на тых жа ўмовах, што і даўгі рэзідэнту першай названай
Дзяржавы.
4. Прадпрыемствы адной Дагаворнай Дзяржавы, капітал якіх
поўнасцю або часткова належыць аднаму або некалькім рэзідэнтам
другой Дагаворнай Дзяржавы або прама ці ўскосна кантралюецца імі, не
падлягаюць у першай названай Дзяржаве іншаму або больш цяжкаму
падаткаабкладанню або звязанаму з ім патрабаванню, чым
падаткаабкладанне і звязаныя з ім патрабаванні, якім падвяргаюцца
або могуць падвяргацца падобныя прадпрыемствы першай названай
Дзяржавы.
5. Палажэнні гэтага артыкула, нягледзячы на палажэнні артыкула
2, прымяняюцца да падаткаў любога роду і віду.
Артыкул 26
Працэдура ўзаемнага пагаднення
1. Калі асоба лічыць, што дзеянні адной або абедзвюх
Дагаворных Дзяржаў прыводзяць або прывядуць да падаткаабкладання яе
не ў адпаведнасці з палажэннямі дадзенай Канвенцыі, яна можа
незалежна ад сродкаў абароны, якія прадугледжаны нацыянальным
заканадаўствам гэтых Дзяржаў, прадставіць сваю справу для разгляду ў
кампетэнтны орган той Дагаворнай Дзяржавы, рэзідэнтам якой яна
з'яўляецца, або, калі яе выпадак падпадае пад дзеянне пункта 1
артыкула 25, той Дагаворнай Дзяржавы, грамадзянінам якой яна
з'яўляецца. Заява павінна быць прадстаўлена на працягу двух гадоў з
даты першага паведамлення аб дзеяннях, што прыводзяць да
падаткаабкладання не ў адпаведнасці з палажэннямі дадзенай
Канвенцыі.
2. Кампетэнтны орган імкнецца, калі ён палічыць пярэчанне
абгрунтаваным і калі ён сам не ў стане прыйсці да здавальняючага
рашэння, вырашыць пытанне па ўзаемнай згодзе з кампетэнтным органам
другой Дагаворнай Дзяржавы з мэтай пазбягання падаткаабкладання,
якое не адпавядае дадзенай Канвенцыі.
3. Кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў імкнуцца вырашаць па
ўзаемнай згодзе любыя цяжкасці або сумненні, якія ўзнікаюць пры
тлумачэнні або прымяненні дадзенай Канвенцыі.
4. Кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў могуць уступаць у
прамыя кантакты адзін з адным у мэтах дасягнення пагаднення ў сэнсе
папярэдніх пунктаў. Калі акажацца пажаданым для дасягнення
пагаднення правесці вусны абмен думкамі, такі абмен думкамі можа
мець месца ў камісіі, якая складаецца з прадстаўнікоў кампетэнтных
органаў Дагаворных Дзяржаў.
Артыкул 27
Абмен інфармацыяй
1. Кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў абменьваюцца такой
інфармацыяй, якая неабходна для выканання палажэнняў дадзенай
Канвенцыі або ўнутранага заканадаўства Дагаворных Дзяржаў, што
датычыцца падаткаў, на якія распаўсюджваецца дадзеная Канвенцыя ў
той ступені, у якой такое падаткаабкладанне не супярэчыць дадзенай
Канвенцыі, а таксама для папярэджання ўхілення ад выплаты падаткаў.
Абмен інфармацыяй не абмяжоўваецца артыкулам 1. Любая інфармацыя,
атрыманая Дагаворнай Дзяржавай, лічыцца канфідэнцыяльнай такім жа
чынам, як і інфармацыя, атрыманая ў рамках нацыянальнага
заканадаўства гэтай Дзяржавы, і раскрываецца толькі асобам або
органам (уключаючы суды і адміністрацыйныя органы), якія звязаны з
падлічэннем або сысканнем, прымусовым спагнаннем або судовым
пераследаваннем у дачыненні да падаткаў, на якія распаўсюджваецца
дадзеная Канвенцыя, або разглядам апеляцый у дачыненні да такіх
падаткаў. Такія асобы або органы павінны выкарыстоўваць інфармацыю
толькі для такіх мэт. Яны могуць раскрываць інфармацыю ў ходзе
адкрытага судовага пасяджэння або пры прыняцці судовых рашэнняў.
2. Ні ў якім выпадку палажэнні пункта 1 не павінны тлумачыцца
як тыя, што абавязваюць адну Дагаворную Дзяржаву:
а) праводзіць адміністрацыйныя меры, якія супярэчаць
заканадаўству і адміністрацыйнай практыцы гэтай або іншай Дагаворнай
Дзяржавы;
b) прадастаўляць інфармацыю, якую нельга атрымаць па
заканадаўстве або ў ходзе звычайнай адміністрацыйнай практыкі гэтай
або другой Дагаворнай Дзяржавы;
с) прадастаўляць інфармацыю, якая раскрывала б якую-небудзь
гандлёвую, прадпрымальніцкую, прамысловую, камерцыйную або
прафесіянальную тайну або гандлёвы працэс, або інфармацыю, раскрыццё
якой супярэчыла б дзяржаўнай палітыцы.
Артыкул 28
Дыпламатычныя прадстаўнікі і консульскія работнікі
Ніякія палажэнні дадзенай Канвенцыі не закранаюць падатковых
прывілей дыпламатычных прадстаўнікоў або консульскіх работнікаў,
прадастаўленых агульнымі нормамі міжнароднага права або палажэннямі
спецыяльных пагадненняў.
Артыкул 29
Вяртанне падатку
1. Падаткі, утрыманыя з крыніцы ў адной Дагаворнай Дзяржаве,
будуць вяртацца па запыце падаткаплацельшчыка або Дзяржавы,
рэзідэнтам якой яна з'яўляецца, калі права спаганяць названыя
падаткі закранаецца палажэннямі дадзенай Канвенцыі.
2. Заявы на вяртанне, якія падаюцца на працягу часу,
вызначанага заканадаўствам той Дагаворнай Дзяржавы, якая абавязана
выканаць вяртанне, павінны суправаджацца афіцыйнай даведкай той
Дагаворнай Дзяржавы, рэзідэнтам якой з'яўляецца падаткаплацельшчык,
якая пацвярджае наяўнасць умоў, што даюць права на прымяненне
скідак, прадугледжаных дадзенай Канвенцыяй.
3. Кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў па ўзаемнай згодзе
вызначаюць спосаб прымянення гэтага артыкула ў адпаведнасці з
палажэннямі артыкула 26 дадзенай Канвенцыі.
РАЗДЗЕЛ VI
ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 30
Уваходжанне ў сілу
1. Дадзеная Канвенцыя падлягае ратыфікацыі ў кожнай Дагаворнай
Дзяржаве.
2. Дадзеная Канвенцыя ўваходзіць у сілу з даты абмену
ратыфікацыйнымі граматамі, і яе палажэнні прымяняюцца:
а) у дачыненні да падаткаў, утрыманых з крыніцы, да сум, якія
атрыманы першага або пасля першага студзеня каляндарнага года,
наступнага за годам, у якім Канвенцыя ўвайшла ў сілу; і
b) у дачыненні да іншых падаткаў на даходы і капітал, да
даходаў, што спаганяюцца за любы падатковы перыяд, які пачынаецца
першага або пасля першага студзеня каляндарнага года, наступнага за
годам, у якім Канвенцыя ўваходзіць у сілу.
3. Канвенцыя аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання даходаў,
якая падпісана ў Рыме 26 лютага 1985 года, спыняе сваё дзеянне з
уваходжання ў сілу дадзенай Канвенцыі.
Артыкул 31
Спыненне дзеяння
Дадзеная Канвенцыя застаецца ў сіле да той пары, пакуль яе
дзеянне не будзе спынена Дагаворнай Дзяржавай. Кожная з Дагаворных
Дзяржаў можа спыніць дзеянне Канвенцыі па дыпламатычных каналах
шляхам паведамлення аб спыненні дзеяння не менш чым за 6 месяцаў да
заканчэння любога каляндарнага года, наступнага за перыядам у пяць
гадоў з даты ўваходжання дадзенай Канвенцыі ў сілу. У такім выпадку
дзеянне Канвенцыі спыняецца:
а) у дачыненні да падаткаў, што ўтрыманы з крыніцы, у
дачыненні да сум, атрыманых першага або пасля першага студзеня
каляндарнага года, наступнага за годам, у якім дадзена паведамленне
аб спыненні дзеяння;
b) у дачыненні да іншых падаткаў на даходы або капітал, у
дачыненні да падаткаў, што спаганяюцца ў любы падатковы перыяд, які
пачынаецца першага або пасля першага студзеня каляндарнага года,
наступнага за годам, у якім дадзена паведамленне аб спыненні
дзеяння.
У сведчанне чаго ніжэйпадпісаныя, адпаведным чынам на тое
ўпаўнаважаныя сваімі Урадамі, падпісалі дадзеную Канвенцыю.
Здзейснена ў горадзе Мінску 11 жніўня 2005 года ў двух
экземплярах на беларускай, італьянскай і англійскай мовах, прычым
усе тэксты маюць аднолькавую сілу. У выпадку любога разыходжання ў
тлумачэнні паміж тэкстамі на беларускай і італьянскай мовах перавагу
мае тэкст на англійскай мове.
ДАДАТКОВЫ ПРАТАКОЛ
да Канвенцыі паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Італьянскай
Рэспублікі аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання ў дачыненні да
падаткаў на даходы і капітал і папярэджанні ўхілення ад выплаты
падаткаў
Пры падпісанні Канвенцыі, заключанай сёння паміж Урадам
Рэспублікі Беларусь і Урадам Італьянскай Рэспублікі аб пазбяганні
двайнога падаткаабкладання ў дачыненні да падаткаў на даходы і
капітал і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў, ніжэйпадпісаныя
пагадзіліся аб наступных дадатковых палажэннях, якія складаюць
неад'емную частку названай Канвенцыі.
Разумеецца, што:
1. У адносінах пункта 3 b) артыкула 2, калі ў будучым у Італіі
будзе ўведзены падатак на капітал, дадзеная Канвенцыя будзе
прымяняцца да такога падатку і двайное падаткаабкладанне будзе
ўстараняцца ў адпаведнасці з палажэннямі артыкула 24 дадзенай
Канвенцыі.
2. Для мэт дадзенай Канвенцыі ў выпадку Беларусі:
а) тэрмін «капітал» абазначае рухомую і нерухомую маёмасць;
b) тэрмін «нерухомая маёмасць» разумеецца, як вызначана ў
пункце 2 артыкула 6;
с) тэрмін «рухомая маёмасць» абазначае любую маёмасць, якая не
вызначана ў пункце 2 артыкула 6.
3. Для мэт дадзенай Канвенцыі тэрмін «палітыка-
адміністрацыйнае падраздзяленне» адносіцца толькі да Італіі.
4. У адносінах пункта 3 артыкула 7 выраз «расходы, панесеныя
для мэт пастаяннага прадстаўніцтва» абазначае расходы, непасрэдна
звязаныя з дзейнасцю пастаяннага прадстаўніцтва.
5. У адносінах пункта 1 артыкула 8 прыбытак ад эксплуатацыі
марскіх і паветраных суднаў у міжнародных перавозках уключае:
а) прыбытак ад выкарыстання, утрымання або здачы ў арэнду
кантэйнераў (уключаючы трэйлеры, баржы і абсталяванне, якое
адносіцца да транспарціроўкі кантэйнераў), што выкарыстоўваюцца для
перавозкі тавараў або вырабаў у міжнародных перавозках; і
b) прыбытак, што атрыманы ад здачы ў арэнду марскіх або
паветраных суднаў на аснове поўнасцю абсталяванага судна з экіпажам,
і прыбытак, што атрымліваецца ад здачы ў арэнду марскіх або
паветраных суднаў на аснове судна без экіпажа, пры ўмове калі ў
апошнім выпадку такі прыбытак ад арэнды другарадны ў дачыненні да
іншага прыбытку ад эксплуатацыі марскіх або паветраных суднаў у
міжнародных перавозках.
6. Для мэт дадзенай Канвенцыі тэрмін «пастаянная база»
абазначае пастаяннае месца, такое, як кабінет або офіс, праз якое
поўнасцю або часткова ажыццяўляецца дзейнасць фізічнай асобы, якая
аказвае незалежныя асабістыя паслугі.
7. У адносінах пункта 2 артыкула 18 тэрмін «пенсіі» абазначае
ў выпадку Італіі плацяжы, якія не носяць характар адлічэння.
8. У адносінах пункта 4 артыкула 10, пункта 5 артыкула 11,
пункта 4 артыкула 12 і пункта 2 артыкула 22 апошняя прапанова не
павінна разглядацца як тая, якая супярэчыць прынцыпам, што
змяшчаюцца ў артыкуле 7 і артыкуле 14 дадзенай Канвенцыі.
9. У адносінах артыкула 25 палажэнні гэтага артыкула не
павінны абмяжоўваць прымяненне ўнутраных палажэнняў для папярэджання
ўхілення ад аплаты падаткаў і пазбягання двайнога падаткаабкладання.
Выраз «унутраныя палажэнні» ў любым выпадку ўключае палажэнні па
абмежаванні вылічэння расходаў і іншага падобнага вылічаемага
цяжару, які ўзнікае ў выніку здзелак паміж прадпрыемствамі адной
Дагаворнай Дзяржавы і прадпрыемствамі, размешчанымі ў другой
Дагаварной Дзяржаве.
10. У адносінах пункта 1 артыкула 26 выраз «незалежна ад
сродкаў абароны, якія прадугледжаны нацыянальным заканадаўствам»
абазначае, што ўзаемаўзгадняльная працэдура не выключае ўнутраныя
спрэчныя судовыя разборы, якія павінны быць пры любых абставінах
прэвентыўна пачаты, калі прэтэнзія адносіцца да вылічэння падаткаў,
не ў адпаведнасці з дадзенай Канвенцыяй.
11. Палажэнне пункта 3 артыкула 29 не павінна перашкаджаць
кампетэнтным органам Дагаворных Дзяржаў прымяняць па ўзаемнай згодзе
іншыя нормы па прадастаўленні скідак для мэт падаткаабкладання, што
прадугледжаны ў дадзенай Канвенцыі.
12. Дадзены Пратакол увойдзе ў сілу адначасова з уваходжаннем
у сілу Канвенцыі, да якой ён адносіцца і з'яўляецца яе неад'емнай
часткай.
Здзейснена ў горадзе Мінску 11 жніўня 2005 года ў двух
экземплярах на беларускай, італьянскай і англійскай мовах, прычым
усе тэксты маюць аднолькавую сілу. У выпадку любога разыходжання ў
тлумачэнні паміж тэкстамі на беларускай і італьянскай мовах перавагу
мае тэкст на англійскай мове.
|