ПРАВО - Законодательство Республики Беларусь
 
Реклама в Интернет
"Все Кулички"
Поиск документов

Реклама
Рассылка сайта
Content.Mail.Ru
Реклама


 

 

Правовые новости


Новые документы


Авто новости


Юмор




по состоянию на 17 октября 2004 года

<<< Главная страница | < Назад


           ПАСТАНОВА САВЕТА МIНIСТРАЎ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
                      20 лютага 2003 г. № 285

АБ ЗАЦВЯРДЖЭННI СТАТУТА ДЗЯРЖАЎНАЙ УСТАНОВЫ
"НАЦЫЯНАЛЬНАЯ БIБЛIЯТЭКА БЕЛАРУСI"

     У  адпаведнасцi з артыкулам 23 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 22
сакавiка  1995  г.  "Аб  бiблiятэчнай  справе ў Рэспублiцы Беларусь"
Савет Miнicтpaў Рэспублiкi Беларусь пастанаўляе:
     Зацвердзiць    прыкладзены    Статут    дзяржаўнай     установы
"Нацыянальная бiблiятэка Беларусi".

Першы намеснiк Прэм`ер-мiнiстра
Рэспублiкi Беларусь                                       С.СIДОРСКI

                                          ЗАЦВЕРДЖАНА
                                          Пастанова Савета Мiнiстраў
                                          Рэспублiкi Беларусь
                                          20.02.2003 № 285

                               СТАТУТ
       дзяржаўнай установы "Нацыянальная бiблiятэка Беларусi"

                         Агульныя палажэннi

     1. Дзяржаўная   ўстанова  "Нацыянальная  бiблiятэка   Беларусi"
(далей  -  бiблiятэка) - галоўная унiверсальная навуковая бiблiятэка
дзяржавы,  носьбiт агульначалавечых духоўных каштоўнасцей, скарбнiца
культурных здабыткаў народа, яго нацыянальнай памяцi.
     2. Бiблiятэка  з`яўляецца  юрыдычнай  асобай,  мае  адасобленую
маёмасць,  самастойны баланс, рахункi ў банках, у тым лiку валютныя,
круглую  пячатку  з  выявай  Дзяржаўнага герба Рэспублiкi Беларусь i
сваёй назвай, штампы, бланкi, уласную сiмволiку.
     3. Бiблiятэка  -  дзяржаўная  некамерцыйная  ўстанова культуры,
якая  ажыццяўляе  сваю  дзейнасць  у  адпаведнасцi  з заканадаўствам
Рэспублiкi    Беларусь,   рэкамендацыямi  ЮНЕСКА  для   нацыянальных
бiблiятэк,  мiжнароднымi  пратаколамi  i  пагадненнямi,  заключанымi
Рэспублiкай Беларусь, дадзеным Статутам.
     4. Поўнае найменне бiблiятэкi:
     на    беларускай  мове  -  дзяржаўная  ўстанова   "Нацыянальная
бiблiятэка Беларусi";
     на  рускай  мове  -  государственное  учреждение  "Национальная
библиотека Беларуси";
     скарочанае найменне бiблiятэкi:
     на беларускай мове - Нацыянальная бiблiятэка Беларусi;
     на рускай мове - Национальная библиотека Беларуси.
     Бiблiятэка  падпарадкоўваецца  Мiнiстэрству культуры Рэспублiкi
Беларусь.
     5. Бiблiятэка можа ад свайго iмя набываць маёмасныя i асабiстыя
немаёмасныя правы i несцi абавязацельствы, быць iстцом цi адказчыкам
у судзе.
     6. Бiблiятэка з`яўляецца:
     агульнадзяржаўным    сховiшчам    нацыянальнага   дакумента   i
беларусiкi,  а  таксама  замежных  дакументаў, якiя маюць навуковую,
культурную i мастацкую каштоўнасць;
     навукова-даследчай    установай    па       бiблiятэказнаўству,
бiблiяграфазнаўству, кнiгазнаўству;
     каардынацыйным  i метадычным цэнтрам рэспублiканскага значэння,
нацыянальным  цэнтрам  мiжбiблiятэчнага  абанемента, рэспублiканскiм
галiновым цэнтрам iнфармацыi па культуры i мастацтву;
     мiжгалiновым  дэпазiтарыем  Рэспублiкi  Беларусь;  дэпазiтарыем
матэрыялаў ААН i ЮНЕСКА;
     рэспублiканскiм           цэнтрам               аўтаматызаванай
iнфармацыйна-бiблiятэчнай сiстэмы (далей - АIБС).
     7. Фонд    бiблiятэкi    як    асаблiва    каштоўны      аб`ект
гiсторыка-культурнай    спадчыны    знаходзiцца  ў  адпаведнасцi   з
заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь на асобым рэжыме аховы.
     8. Дзейнасць  бiблiятэкi накiравана на садзейнiчанне духоўнаму,
культурнаму, сацыяльнаму i эканамiчнаму развiццю народа краiны.
     9. Фонды  i базы даных бiблiятэкi з`яўляюцца агульнадаступнымi.
Абмежаваннi  па  iх  выкарыстанню  вызначаюцца  толькi ў мэтах аховы
асаблiва  рэдкiх  i  каштоўных  дакументаў,  а  таксама  ў выпадках,
прадугледжаных  заканадаўствам  Рэспублiкi  Беларусь.  Iнфармацыя аб
наяўнасцi ў бiблiятэцы дакументаў абмежаванага карыстання з`яўляецца
агульнадаступнай.
     10. Карыстанне  бiблiятэкай бясплатнае, апрача дадатковых вiдаў
паслуг  (капiраванне,  мiкрафiльмаванне,  доступ  у  базу  даных  па
каналах сувязi i iншае).
     11. Маёмасць  бiблiятэкi з`яўляецца рэспублiканскай уласнасцю i
належыць бiблiятэцы на правах аператыўнага кiравання.
     12. Бiблiятэка  адказвае  па  сваiх  абавязацельствах грашовымi
сродкамi, якiя знаходзяцца ў яе распараджэннi.
     13. Бiблiятэка мае права:
     самастойна    вызначаць   змест  i  формы  сваёй  дзейнасцi   ў
адпаведнасцi з мэтамi i функцыямi, зацверджанымi дадзеным Статутам;
     ажыццяўляць    у  адпаведнасцi  з  заканадаўствам  i   Статутам
прадпрымальнiцкую  дзейнасць,  у  тым лiку аказваць платныя паслугi,
пералiк    якiх  зацвярджаецца  Мiнiстэрствам  культуры   Рэспублiкi
Беларусь;
     адкрываць  у  парадку,  устаноўленым  заканадаўствам, рахункi ў
банках, у тым лiку валютныя;
     вызначаць крынiцы камплектавання бiблiятэчных фондаў;
     фармiраваць абменныя бiблiятэчныя фонды;
     выключаць  i  рэалiзоўваць  дакументы  з  бiблiятэчных фондаў у
адпаведнасцi з заканадаўствам;
     зацвярджаць  па  ўзгадненню з Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi
Беларусь правiлы карыстання бiблiятэкай;
     прымаць  меры  па кампенсацыi ўрону, нанесенага карыстальнiкамi
бiблiятэкi, у адпаведнасцi з заканадаўствам;
     вызначаць  умовы  выкарыстання  бiблiятэчных  фондаў  на аснове
дагавораў з юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi;
     часова  вывозiць дакументы з бiблiятэчных фондаў за межы краiны
ў адпаведнасцi з заканадаўствам;
     удзельнiчаць  на  конкурснай  цi  iншай  аснове  ў   рэалiзацыi
дзяржаўных праграм развiцця бiблiятэчнай справы;
     супрацоўнiчаць  з  бiблiятэкамi  i  iншымi  ўстановамi замежных
краiн,  у  тым  лiку  весцi мiжнародны дакументаабмен, уваходзiць ва
ўстаноўленым  парадку  ў  мiжнародныя  арганiзацыi,  удзельнiчаць  у
рэалiзацыi  мiжнародных  i  iншых  праграм  у  галiне   бiблiятэчнай
справы;
     выкарыстоўваць  у  рэкламных  цi  iншых  мэтах  уласную  назву,
сiмволiку,    выявы    сваiх    будынкаў,   рэпрадукцыi   культурных
каштоўнасцей, якiя захоўваюцца ў фондах бiблiятэкi, а таксама даваць
такое  права  iншым  юрыдычным  i  фiзiчным  асобам у адпаведнасцi з
заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;
     засноўваць сродкi масавай iнфармацыi.
     14. Месцазнаходжанне        бiблiятэкi        -        г.Мiнск,
вул.Чырвонаармейская, 9.

            Мэты, функцыi i прадмет дзейнасцi бiблiятэкi

     15. Бiблiятэка  як  галоўная унiверсальная навуковая бiблiятэка
краiны  задавальняе унiверсальныя iнфармацыйныя патрэбы грамадства i
выконвае наступныя асноўныя функцыi:
     фармiруе,    зберагае,    пастаянна  захоўвае  i   прадастаўляе
карыстальнiкам  бiблiятэкi найбольш поўны збор айчынных дакументаў i
беларусiкi, навукова значных замежных дакументаў;
     набывае  ў  першачарговым  парадку бiблiятэчныя зборы ў вядомых
пiсьменнiкаў,  дзеячаў  культуры i навукi, а таксама ў букiнiстычных
кнiгарнях i на аўкцыёнах;
     фармiруе  фонды  на  ўсiх  вiдах  носьбiтаў  iнфармацыi  шляхам
атрымання   абавязковых  бясплатных  экзэмпляраў  дакументаў,   якiя
выдаюцца  ў Рэспублiцы Беларусь, закупкi дакументаў, дакументаабмену
(у  тым  лiку  мiжнароднага)  i  iншых  паступленняў  дакументаў   у
адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;
     стварае    спецыялiзаваныя   калекцыi  (iнкунабулы,   кiрылiца,
беларускiя  старадрукi,  рускi грамадзянскi друк, заходнееўрапейскiя
выданнi  XVI  стагоддзя,  беларусiка,  выяўленчыя  i аўдыёвiзуальныя
дакументы i iншыя);
     ажыццяўляе    навуковую    апрацоўку    дакументаў,     стварае
даведачна-бiблiяграфiчны  апарат на фонды бiблiятэкi, раскрывае iх з
дапамогай  электроннага  каталога  i  сiстэмы  каталогаў  на  розных
носьбiтах, баз i банкаў даных;
     забяспечвае  ў  каардынацыi  з  iншымi  бiблiятэкамi Рэспублiкi
Беларусь вядзенне нацыянальнага зводнага электроннага каталога;
     арганiзоўвае  бiблiятэчнае  абслугоўванне  карыстальнiкаў  праз
сiстэму  чытальных  залаў,  мiжбiблiятэчны  i мiжнародны абанемент у
адпаведнасцi з правiламi карыстання бiблiятэкай;
     арганiзоўвае  доступ  карыстальнiкаў  да  айчынных  i  замежных
iнфармацыйных   рэсурсаў  з  дапамогай  сродкаў   тэлекамунiкацыйнай
сувязi;
     забяспечвае  правядзенне  выставачных,  культурна-асветнiцкiх i
адукацыйных мерапрыемстваў;
     арганiзоўвае  правядзенне  навуковых  даследаванняў  у   галiне
бiблiятэказнаўства, бiблiяграфазнаўства, кнiгазнаўства;
     удзельнiчае  ў  распрацоўцы  i рэалiзацыi дзяржаўнай палiтыкi ў
галiне бiблiятэчнай справы;
     распрацоўвае  i  рэалiзуе навуковыя i культурныя праекты, у тым
лiку  па  стварэнню  адзiных  iнфармацыйных  сетак, стандартызацыi ў
галiне бiблiятэчнай справы i iншых сумежных галiнах;
     ажыццяўляе    павышэнне    квалiфiкацыi   бiблiятэчных   кадраў
Рэспублiкi Беларусь;
     ажыццяўляе выдавецкую i палiграфiчную дзейнасць, накiраваную на
падрыхтоўку  i выпуск навукова-дапаможнай i папулярнай бiблiяграфii,
iнфармацыйных,  навукова-метадычных матэрыялаў, навуковых публiкацый
у галiне бiблiятэчнай справы, бiблiяграфii, кнiгазнаўства i сумежных
навук;
     ажыццяўляе    метадычнае    забеспячэнне  функцыянавання   АIБС
Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь;
     супрацоўнiчае  з  Беларускай  бiблiятэчнай  асацыяцыяй,  прымае
ўдзел у рабоце мiжнародных бiблiятэчных арганiзацый;
     супрацоўнiчае  з  бiблiятэкамi  замежных  краiн  у  арганiзацыi
дакументаабмену,  мiжнароднага  мiжбiблiятэчнага абанемента, кнiжных
выставак,  сумесных  даследаванняў,  двухбаковых  семiнараў,   нарад
экспертаў, стажыровак спецыялiстаў i iншых;
     ажыццяўляе  ўзаемадзеянне  з  ААН,  ЮНЕСКА, iншымi мiжнароднымi
арганiзацыямi.
     16. У  адпаведнасцi  з функцыямi прадметам дзейнасцi бiблiятэкi
згодна    з   Агульнадзяржаўным  класiфiкатарам  вiдаў   эканамiчнай
дзейнасцi з`яўляецца:
     выдавецкая дзейнасць (код 221);
     выданне кнiг (код 2211);
     выданне часопiсаў i перыядычных публiкацый (код 2213);
     выданне гуказапiсаў (код 2214);
     палiграфiчная  дзейнасць i прадастаўленне паслуг у гэтай галiне
(код 222);
     брашуровачна-пераплётная i аддзелачная дзейнасць (код 2223);
     выраб друкарскiх форм (код 2224);
     iншая палiграфiчная дзейнасць (код 2225);
     капiраванне запiсаных матэрыялаў (код 223);
     капiраванне гуказапiсаў (код 22310);
     капiраванне вiдэазапiсаў (код 2232);
     капiраванне праграмных сродкаў (код 2233);
     неспецыялiзаваны  аптовы  гандаль  непрадуктовымi таварамi (код
51709);
     рознiчны  гандаль  кнiгамi, газетамi, пiсьмовымi прыладамi (код
52470);
     здача ў наём асабiстай нерухомай маёмасцi (код 70200);
     кансультаванне  па апаратных сродках i вылiчальнай тэхнiцы (код
721);
     распрацоўка праграмнага забеспячэння i кансультаванне  ў  гэтай
галiне (код 722);
     апрацоўка даных (код 723);
     дзейнасць, якая звязана з базамi даных (код 724);
     даследаваннi  i  распрацоўкi ў галiне грамадскiх i гуманiтарных
навук (код 732);
     дзейнасць у галiне статыстыкi i сацыялогii (код 75117);
     дзейнасць  канцэртных  i  тэатральных  залаў  i  iншых  устаноў
культуры (код 9232);
     iншая дзейнасць у галiне культуры (код 925);
     дзейнасць бiблiятэк i архiваў (код 9251);
     паслугi фiльма- i фанатэк (код 92511);
     дзейнасць бiблiятэк (код 92512);
     дзейнасць архiваў (код 92513).
     17. У    выпадку,   калi  асобныя  вiды  дзейнасцi   падлягаюць
лiцэнзаванню  ў  адпаведнасцi  з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь,
бiблiятэка  мае  права  ажыццяўляць  такую дзейнасць пасля атрымання
адпаведных лiцэнзiй.

           Парадак утварэння маёмасцi i распараджэння ёю

     18. Маёмасць  бiблiятэкi  складаюць асноўныя сродкi, у тым лiку
будынкi i збудаваннi, абсталяванне i iншыя матэрыяльныя каштоўнасцi,
кошт якiх утрымлiваецца ў самастойным балансе бiблiятэкi.
     19. Бiблiятэка  фiнансуецца  за  кошт  сродкаў рэспублiканскага
бюджэту.
     Дадатковае  фiнансаванне  бiблiятэкi  можа ажыццяўляцца за кошт
грашовых  сродкаў  фiзiчных i юрыдычных асоб, у тым лiку замежных, а
таксама  грашовых  сродкаў,  атрыманых  ад дабрачынных паступленняў,
аказання  платных  паслуг  i iншай прадпрымальнiцкай дзейнасцi, якая
неабходна  для  выканання  мэт  Статута,  адпавядае  гэтым  мэтам  i
прадмету  дзейнасцi  некамерцыйных арганiзацый, i з iншых крынiц, не
забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.
     Памер  грашовых  сродкаў,  што  паступаюць  з дадатковых крынiц
фiнансавання,  не  абмяжоўваецца. Дадзеныя грашовыя сродкi не могуць
быць  зняты  з  выкарыстання на канец бюджэтнага года, не ўлiчваюцца
пры  вызначэннi  аб`ёмаў  бюджэтнага  фiнансавання на наступны год i
павiнны    накiроўвацца    на    ажыццяўленне  статутнай   дзейнасцi
бiблiятэкi.
     20. Бiблiятэка  можа  ажыццяўляць  дзейнасць,  якая   прыносiць
даход.  Атрыманыя  ад  такой  дзейнасцi  даходы i набытая за iх кошт
маёмасць   паступаюць  у  самастойнае  распараджэнне  бiблiятэкi   i
выкарыстоўваюцца ва ўстаноўленым парадку.
     21. Бiблiятэка  не  можа  без  згоды ўласнiка адчужаць цi iншым
чынам  распараджацца  замацаванай за ёй маёмасцю i маёмасцю, набытай
за кошт сродкаў, выдзеленых ёй па каштарысу.
     22. Бiблiятэка  не  выступае  гарантам  або  паручыцелем  перад
банкамi  i  крэдыторамi юрыдычных асоб недзяржаўных форм уласнасцi i
фiзiчных  асоб па выкананню гэтымi асобамi сваiх абавязацельстваў па
вяртанню  атрыманых  сродкаў,  акрамя  крэдытаў,  што  выдаюцца   на
будаўнiцтва    жылых    памяшканняў    у    памеры,   прадугледжаным
заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

                      Кiраўнiцтва бiблiятэкай

     23. Кiраўнiцтва   дзейнасцю  бiблiятэкi  ажыццяўляе   дырэктар.
Дырэктар  назначаецца  на  пасаду  i вызваляецца ад пасады Мiнiстрам
культуры  Рэспублiкi  Беларусь.  З дырэктарам бiблiятэкi заключаецца
кантракт тэрмiнам не менш чым на два гады.
     24. Дырэктар бiблiятэкi:
     арганiзуе  работу  бiблiятэкi  i  нясе  поўную  адказнасць   за
выкананне    пастаўленых   перад  ёю  задач  i  планавых   заданняў,
узначальвае вучоны савет бiблiятэкi;
     забяспечвае стварэнне ўмоў для зберажэння маёмасцi, эфектыўнага
выкарыстання  рэсурсаў  бiблiятэкi  для  вырашэння вытворчых задач i
сацыяльнага развiцця калектыву;
     прымае  на работу i звальняе з работы работнiкаў у адпаведнасцi
з заканадаўствам;
     вызначае  колькасць,  зацвярджае  структуру  i  штатны  расклад
работнiкаў бiблiятэкi ў межах фонду аплаты працы;
     зацвярджае  склад  савета  Нацыянальнай  бiблiятэкi   Беларусi,
вучонага савета, саветаў i камiсiй пры намеснiку дырэктара, вызначае
парадак i накiрункi iх дзейнасцi;
     выдае  загады  i распараджэннi, абавязковыя для ўсiх работнiкаў
бiблiятэкi;
     распараджаецца  фiнансавымi i матэрыяльнымi сродкамi бiблiятэкi
ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;
     забяспечвае   ў  адпаведнасцi  з  вызначаным  парадкам   падачу
бухгалтарскiх,  статыстычных  i  iншых  справаздач  у   вышэйстаячыя
арганiзацыi;
     дзейнiчае  ад  iмя  бiблiятэкi,  прадстаўляе  яе ў арганiзацыях
Рэспублiкi Беларусь i за яе межамi;
     заключае дагаворы ад iмя бiблiятэкi;
     адкрывае ў банках разлiковы, валютны i iншыя рахункi;
     прымяняе  да работнiкаў бiблiятэкi меры заахвочвання i накладае
дысцыплiнарныя спагнаннi ў адпаведнасцi з заканадаўствам;
     прымае    меры,    накiраваныя  на  развiццё  i   ўдасканаленне
матэрыяльна-тэхнiчнай   базы  бiблiятэкi:  укараненне   механiзацыi,
рэалiзацыю  праграмы АIБС Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь,
аўтаматызацыю    бiблiятэчна-бiблiяграфiчных   працэсаў,   выкананне
правiлаў тэхнiкi бяспекi i супрацьпажарных мерапрыемстваў;
     рэгулярна  (не  менш  чым  адзiн  раз у год) трымае справаздачу
перад    Мiнiстэрствам  культуры  Рэспублiкi  Беларусь,  а   таксама
прадстаўляе яму неабходную iнфармацыю аб дзейнасцi бiблiятэкi;
     нясе    адказнасць  за  вынiкi  работы  бiблiятэкi,   выкананне
патрабаванняў Статута, абавязацельстваў перад Мiнiстэрствам культуры
Рэспублiкi Беларусь i працоўным калектывам;
     хадайнiчае  аб  прыёме  бiблiятэкi  i ўдзеле яе ў рабоце секцыi
нацыянальных бiблiятэк мiжнародных бiблiятэчных арганiзацый;
     размяркоўвае абавязкi памiж намеснiкамi дырэктара.
     25. Калегiяльныя органы кiравання:
     дырэкцыя, якая дзейнiчае для аператыўнага кiравання бiблiятэкай
i арганiзацыi яе работы;
     вучоны  савет,  якi  дзейнiчае  пры  дырэктары для вызначэння i
каардынацыi асноўных напрамкаў навуковай дзейнасцi бiблiятэкi;
     саветы  i  камiсii  пры  намеснiках  дырэктара  бiблiятэкi   па
асноўных    напрамках  дзейнасцi,  што  курыруюць  гэтыя   намеснiкi
дырэктара.
     Пры  загадчыках  аддзелаў  могуць  дзейнiчаць часовыя вытворчыя
саветы.
     Для  вырашэння асобных пытанняў дзейнасцi бiблiятэкi ствараецца
савет  Нацыянальнай  бiблiятэкi  Беларусi  (далей  - савет). У склад
савета  ўваходзяць  зацiкаўленыя  ў развiццi бiблiятэкi прадстаўнiкi
арганiзацый, чытачоў i iншыя.
     Дырэктар бiблiятэкi ўваходзiць у склад савета, але не можа быць
яго старшынёй.
     Савет    дзейнiчае   на  правах  кансультацыйнага  органа   пры
бiблiятэцы.

                        Работнiкi бiблiятэкi

     26. Працоўныя  адносiны  з  работнiкамi  бiблiятэкi,  уключаючы
пытаннi  найму  i  звальнення, рэжыму працы i адпачынку, умоў працы,
гарантый    i   кампенсацый,  рэгулююцца  праз  працоўныя   дагаворы
(кантракты) у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.
     27. Бiблiятэка  ўносiць  узносы  па  абавязковаму   сацыяльнаму
страхаванню   ў  парадку  i  памерах,  устаноўленых   заканадаўствам
Рэспублiкi Беларусь.
     28. Працоўны калектыў бiблiятэкi вырашае:
     пытаннi   заключэння  з  наймальнiкам  калектыўнага   дагавора,
разглядае  яго  праект  i ўпаўнаважвае свайго прадстаўнiка падпiсаць
яго ад iмя працоўнага калектыву;
     iншыя  пытаннi самакiравання працоўнага калектыву ў межах сваёй
кампетэнцыi,  устаноўленай  заканадаўствам  Рэспублiкi  Беларусь   i
дадзеным Статутам.

               Рэарганiзацыя i лiквiдацыя бiблiятэкi

     29. Бiблiятэка не можа быць перапрафiлявана.
     30. Рэарганiзацыя  i  лiквiдацыя  бiблiятэкi  ажыццяўляецца   ў
адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.



<<< Главная страница | < Назад

<<<<                                                                                         >>>>


Новости партнеров
pravo.kulichki.ru ::: pravo.kulichki.com ::: pravo.kulichki.net
2004-2015 Республика Беларусь
Rambler's Top100
Разное


Разное
Спецпроект "Тюрьма"

 

Право России