ЗАГАД МIНIСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
28 кастрычнiка 1998 г. N 374
АБ ЗАЦВЯРДЖЭННI ПАЛАЖЭННЯ АБ ПАРАДКУ ТАРЫФIКАЦЫI
АРТЫСТЫЧНАГА I МАСТАЦКАГА ПЕРСАНАЛУ ДЗЯРЖАЎНЫХ
ТЭАТРАЛЬНА-ВIДОВIШЧНЫХ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ, АРГАНIЗАЦЫЙ
I ЎСТАНОЎ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Загадваю:
Зацвердзiць прыкладзенае Палажэнне аб парадку тарыфiкацыi
артыстычнага i мастацкага персаналу дзяржаўных
тэатральна-вiдовiшчных прадпрыемстваў, арганiзацый i ўстаноў
Рэспублiкi Беларусь.
Мiнiстр А.У.САСНОЎСКI
ЗАЦВЕРДЖАНА
Загад Мiнiстэрства культуры
Рэспублiкi Беларусь
28.10.1998 N 374
ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку тарыфiкацыi артыстычнага i мастацкага
персаналу дзяржаўных тэатральна-вiдовiшчных
прадпрыемстваў, арганiзацый i ўстаноў
Рэспублiкi Беларусь
Агульныя палажэннi
1. Тарыфiкацыя творчых работнiкаў усiх катэгорый артыстычнага i
мастацкага персаналу дзяржаўных тэатральна-вiдовiшчных
прадпрыемстваў, арганiзацый i ўстаноў (далей - арганiзацый)
праводзiцца з мэтай забеспячэння далейшага павышэння ўзроўню iх
прафесiйнага майстэрства, вызначэння iх творчых магчымасцей,
стымулявання творчай актыўнасцi.
2. Тарыфiкацыя праводзiцца на аснове ацэнкi прафесiйнай
квалiфiкацыi, выканаўчага майстэрства i сцэнiчных даных кожнага
творчага работнiка ва ўсiх выпадках, калi для гэтага ўзнiкае
падстава.
Перавод творчага работнiка ў больш высокую катэгорыю
праводзiцца пры ўмове творчага росту работнiка.
Калi ж творчы работнiк часткова страцiў свае папярэднiя творчыя
i сцэнiчныя даныя, на падставе рашэння мастацкага савета арганiзацыi
ён можа быць пераведзены ў нiжэйшую катэгорыю.
3. Маладым спецыялiстам, выпускнiкам вышэйшых i сярэднiх
спецыяльных навучальных устаноў мастацтва пры залiчэннi на працу
ўстанаўлiваецца другая катэгорыя, у асобных выпадках на падставе
рашэння мастацкага савета - першая катэгорыя.
Тарыфiкацыя маладых спецыялiстаў праводзiцца дырэктарам
арганiзацыi на падставе заключэння мастацкага савета пасля года
працы.
4. Выканаўцам, якiя не маюць вышэйшай цi сярэдняй спецыяльнай
адукацыi i якiя пачынаюць працоўную дзейнасць у арганiзацыi, у
асобных выпадках можа ўстанаўлiвацца другая катэгорыя.
5. Дырэктар арганiзацыi нясе персанальную адказнасць за
правiльнасць тарыфiкацыi.
Парадак тарыфiкацыi
6. Разгляд пытанняў аб аднясеннi артыстычнага i мастацкага
персаналу арганiзацыi да катэгорый: вядучы майстар сцэны, артыст
вышэйшай, першай i другой тарыфнай катэгорый - праводзiцца
мастацкiм саветам арганiзацыi.
7. Прадстаўленыя ў мастацкi савет арганiзацыi матэрыялы павiнны
змяшчаць у сабе падрабязную творчую характарыстыку, асноўныя
анкетныя даныя творчага работнiка, спшс сыграных роляў (партый) i
спiс пастаўленых спектакляў (канцэртных праграм, нумароў) за апошнi
год.
Творчыя характарыстыкi, анкетныя даныя i iншыя матэрыялы, якiя
характарызуюць дзейнасць творчага работнiка, рыхтуюцца мастацкiм
кiраўнiком i аддзелам кадраў арганiзацыi альбо адказнай асобай,
прызначанай дырэктарам арганiзацыi.
Аддзел кадраў альбо адказная асоба павiнны азнаёмiць творчага
работнiка з матэрыяламi, падрыхтаванымi да яго тарыфiкацыi, не
пазней чым за тыдзень да пасяджэння мастацкага савета па пытанню
тарыфiкацыi.
У неабходных выпадках мастацкi савет знаёмiцца з творчымi
данымi i квалiфiкацыяй оаботнiка метадам прагляду асобных
спектакляў, канцэртных праграм i рэпетыцый, а пры неабходнасцi -
метадам гутаркi з iм.
8. Творчы работнiк мае права прысутнiчаць на пасяджэннi
мастацкага савета, калi пытанне тычыцца яго тарыфiкацыi.
9. Мастацкi савет арганiзацыi прымае рашэнне простай большасцю
галасоў. Пры разглядзе матэрыялаў аб тарыфiкацыi ў галасаваннi
павiнна ўдзельнiчаць не менш 2/3 з членаў мастацкага савета.
10. Рашэнне мастацкага савета тарыфiкацый ўступае ў сiлу пасля
яго зацвярджэння дырэктарам арганiзацыi.
Дырэктар арганiзацыi ў тыднёвы тэрмiн выдае загад аб
устанаўленнi творчаму работнiку катэгорыi з унясеннем адпаведных
змяненняў у штатны расклад.
11. У тым выпадку, калi творчы работнiк не згодны з прынятым
рашэннем, ён мае права паўторна звярнуцца ў мастацкi савет
арганiзацыi. Паўторнае рашэнне з`яўляецца канчатковым.
12. Пасяджэнне мастацкага савета арганiзацыi афармляецца
пратаколам, якi разам з матэрыяламi аб устанаўленнi цi змяненнi
тарыфных катэгорый належыць захоўванню ў арганiзацыi ў адпаведнасцi
з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.
13. Дырэктар арганiзацыi па просьбе работнiка павiнен выдаць
яму выпiску з выданага загаду аб устанаўленнi катэгорыi.
14. Устаноўленая творчаму работнiку катэгорыя сапраўдна толькi
на час работы яго ў данай арганiзацыi i можа змяняцца ва
ўстаноўленым парадку.
<<< Главная
страница | < Назад
|