АБ РАТЫФIКАЦЫI ДАГАВОРА ПАМIЖ РЭСПУБЛIКАЙ БЕЛАРУСЬ,
РЭСПУБЛIКАЙ КАЗАХСТАН, КЫРГЫЗСКАЙ РЭСПУБЛIКАЙ I РАСIЙСКАЙ
ФЕДЭРАЦЫЯЙ АБ ПАГЛЫБЛЕННI IНТЭГРАЦЫI Ў ЭКАНАМIЧНАЙ I
ГУМАНIТАРНАЙ ГАЛIНАХ, ПАДПIСАНАГА 29 САКАВIКА 1996 ГОДА Ў г.МАСКВЕ
ПАСТАНОВА
ВЯРХОЎНАГА САВЕТА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
ад 24 мая 1996 г. N 323-XIII
(Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь,
1997 г., N 17-18, арт.305)
===
Вярхоўны Савет Рэспублiкi Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Ратыфiкаваць Дагавор памiж Рэспублiкай Беларусь, Рэспублiкай
Казахстан, Кыргызскай Рэспублiкай i Расiйскай Федэрацыяй аб
паглыбленнi iнтэграцыi ў эканамiчнай i гуманiтарных галiнах,
падпiсаны 29 сакавiка 1996 года ў Маскве з агаворкамi да артыкула 2,
часткi восьмай, артыкулаў 13, 24.
Да артыкула 2, часткi восьмай:
Выкарыстанне кантынгенту Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь
па-за яе межамi для сумеснай аховы знешнiх гранiц Бакоў можа быць
ажыццёўлена толькi на падставе адпаведнага рашэння Вярхоўнага Савета
Рэспублiкi Беларусь.
Да артыкула 13:
Рэспублiка Беларусь прадастаўляе грамадзянства грамадзянам
Бакоў у адпаведнасцi з яе нацыянальным заканадаўствам.
Да артыкула 24:
Рашэннi Мiждзяржаўнага Савета, якiя падлягаюць трансфармацыi ў
нацыянальнае заканадаўства Бакоў, носяць рэкамендацыйны характар для
Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, якi ў адпаведнасцi з
артыкулам 79 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь з`яўляецца адзiным
заканадаўчым органам краiны.
Старшыня Вярхоўнага Савета
Рэспублiкi Беларусь С.Шарэцкi
Дагавор памiж Рэспублiкай Беларусь, Рэспублiкай Казахстан,
Кыргызскай Рэспублiкай i Расiйскай Федэрацыяй аб паглыбленнi
iнтэграцыi ў эканамiчнай i гуманiтарнай галiнах
Рэспублiка Беларусь, Рэспублiка Казахстан, Кыргызская
Рэспублiка i Расiйская Федэрацыя, якiя далей называюцца Бакамi,
грунтуючыся на сувязях сваiх народаў, якiя склалiся гiстарычна,
iх iмкненнi да далейшай iнтэграцыi i ўсебаковага зблiжэння,
усведамляючы неабходнасць узгодненага выкарыстання
матэрыяльнага i iнтэлектуальнага патэнцыялаў сваiх дзяржаў,
прызнаючы дзяржаўную незалежнасць, суверэнiтэт i тэрытарыяльную
цэласнасць Бакоў,
пацвярджаючы свой удзел у Садружнасцi Незалежных Дзяржаў i
гатоўнасць ажыццяўляць у яго рамках iнтэграцыйныя працэсы,
кiруючыся агульнапрызнанымi нормамi i прынцыпамi мiжнароднага
права,
ДАМОВIЛIСЯ АБ НIЖЭЙПАДАДЗЕНЫМ:
Мэты i прынцыпы
Артыкул 1
З мэтай стварэння ў перспектыве Супольнiцтва iнтэграваных
дзяржаў Бакi вырашылi накiраваць сумесныя намаганнi на паэтапнае
паглыбленне iнтэграцыi ўдзельнiкаў гэтага Дагавора ў эканомiцы,
навуцы, адукацыi, культуры, сацыяльнай сферы i iншых галiнах пры
захаваннi суверэнiтэту Бакоў, прынцыпаў роўнасцi i ўзаемнай выгады,
непарушнасцi iснуючых памiж iмi дзяржаўных гранiц, неўмяшання ва
ўнутраныя справы адзiн аднаго.
Артыкул 2
Асноўнымi мэтамi iнтэграцыi з`яўляюцца:
паслядоўнае паляпшэнне ўмоў жыцця, ахова правоў i свабод асобы,
дасягненне сацыяльнага прагрэсу;
забеспячэнне ўстойлiвага дэмакратычнага развiцця дзяржаў;
фармiраванне адзiнай эканамiчнай прасторы, якая прадугледжвае
эфектыўнае функцыянаванне агульнага рынку тавараў, паслуг, капiталаў
i працоўнай сiлы, развiццё адзiных транспартных, энергетычных,
iнфармацыйных сiстэм;
распрацоўка мiнiмальных стандартаў сацыяльнай абароны
грамадзян;
стварэнне роўных магчымасцей атрымання адукацыi i доступу да
дасягненняў навукi i культуры;
гарманiзацыя заканадаўства;
узгадненне знешнепалiтычнага курсу, забеспячэнне вартага месца
на мiжнароднай арэне;
сумесная ахова знешнiх гранiц Бакоў, барацьба са злачыннасцю i
тэрарызмам.
Эканамiчнае супрацоўнiцтва
Артыкул 3
Бакi ажыццяўляюць узгадненне асноўных накiрункаў, этапаў i
тэрмiнаў эканамiчных рэформ, якiя праводзяцца, ствараюць неабходныя
ўмовы функцыянавання агульнага рынку, забяспечваюць роўнаспрыяльныя
ўмовы для свабоднай эканамiчнай дзейнасцi гаспадарчых суб`ектаў
сваiх дзяржаў.
Бакi забяспечваюць роўнае права на набыццё маёмасцi ва
ўласнасць, валоданне, карыстанне i распараджэнне ёй на тэрыторыi
любой з гэтых дзяржаў у адпаведнасцi з iх нацыянальным
заканадаўствам.
Бакi ствараюць адзiную мадэльную нарматыўную базу
грамадзянскага заканадаўства i дзяржаўнага рэгулявання эканомiкi.
Артыкул 4
Бакi праводзяць узгодненую палiтыку цэнаўтварэння, якая
выключае цэнавую дыскрымiнацыю ў адносiнах да гаспадарчых суб`ектаў
Бакоў, прымяняюць свабодныя (дагаворныя) цэны, якiя складваюцца на
сваiх унутраных рынках.
Бакi завяршаюць у 1996 годзе стварэнне адзiнай мытнай тэрыторыi
з забеспячэннем агульнай сiстэмы кiравання.
Артыкул 5
Бакi ўзгадняюць структурную палiтыку, маючы на ўвазе стварэнне
прамысловага i аграрнага гаспадарчых комплексаў, заснаваных на
ўзаемадапаўняльнасцi эканомiк, максiмальным выкарыстаннi пераваг
рацыянальнага падзелу працы.
Артыкул 6
Бакi сумесна распрацоўваюць i ажыццяўляюць сiстэму мер
дзяржаўнай падтрымкi развiцця вытворчай кааперацыi, заахвочвання
вытворчых капiталаўкладанняў, уключаючы субсiдзiраванне мэтавых
праграм i праектаў, стварэнне аб`ектаў, якiя ўяўляюць агульны
iнтарэс, заахвочваюць стварэнне транснацыянальных аб`яднанняў.
Артыкул 7
Бакi паслядоўна узмацняюць каардынацыю палiтыкi ў
грашова-крэдытнай i валютна-фiнансавай сферах, ствараюць эфектыўную
плацежна-разлiковую сiстэму.
На пачатковым этапе Бакi дабiваюцца iстотнага панiжэння
iнфляцыi i стабiлiзацыi абменных курсаў нацыянальных валют, поўнай
канверсуемасцi нацыянальных валют, забяспечваюць роўны доступ
суб`ектаў - рэзiдэнтаў Бакоў на валютныя рынкi адзiн аднаго.
Цэнтральныя банкi Бакоў створаць мiжбанкаўскi саюз у мэтах узаемных
кансультацый i каардынацыi ажыццяўляемых мер.
На наступных этапах Бакi ажыццяўляюць пераход да адзiных
стандартаў i практыкi рэгулявання банкаўскай дзейнасцi i ў
залежнасцi ад дасягнутай ступенi iнтэграцыi будуць уводзiць адзiную
валюту.
Артыкул 8
Бакi ствараюць адзiную навукова-тэхналагiчную прастору,
забяспечваюць узаемадзеянне ў правядзеннi фундаментальных i
прыкладных навуковых даследаванняў, уключаючы арганiзацыю сумесных
навуковых работ па праблемах, якiя ўяўляюць агульны iнтарэс.
Артыкул 9
Бакi нарошчваюць супрацоўнiцтва ў галiне аховы навакольнага
асяроддзя, уключаючы распрацоўку i прыняцце адзiных стандартаў
экалагiчнай бяспекi, прадпрымаюць сумесныя меры па прадухiленню i
лiквiдацыi наступстваў аварый, стыхiйных бедстваў, ядзерных i
экалагiчных катастроф.
Супрацоўнiцтва ў сацыяльнай i культурнай галiнах
Артыкул 10
Бакi праводзяць узгодненую сацыяльную палiтыку, гарманiзуюць
нацыянальныя сiстэмы сацыяльнай абароны, паэтапна выраўноўваюць
узроўнi пенсiённага забеспячэння, дапамог i льгот ветэранам вайны i
працы, iнвалiдам i малазабяспечаным сем`ям.
Артыкул 11
Бакi ствараюць умовы для захавання i ўмацавання агульнай
культурнай прасторы на аснове сувязей, якiя склалiся гiстарычна, i
дзелавых кантактаў памiж творчымi саюзамi i аб`яднаннямi, дзеячамi
культуры, лiтаратуры i мастацтва, захавання этнiчнай i моўнай
самабытнасцi народаў.
Артыкул 12
Бакi вызначаюць мiждзяржаўную стратэгiю адукацыi,
распрацоўваюць сумесныя праграмы навучання студэнтаў, падрыхтоўкi i
перападрыхтоўкi спецыялiстаў.
Бакi ўзаемна прызнаюць без легалiзацыi дыпломы, пасведчаннi аб
адукацыi, адпаведныя дакументы аб прысваеннi вучонай ступенi i
вучонага звання.
Артыкул 13
Грамадзянам Бакоў, якiя пастаянна пражываюць на тэрыторыi
другiх дзяржаў - удзельнiц гэтага Дагавора, прадастаўляецца прававы
статус, якi ўстаноўлены iх нацыянальным заканадаўствам, двухбаковымi
i шматбаковымi дагаворамi; забяспечваецца спрошчаны парадак набыцця
грамадзянства грамадзянамi Бакоў.
Супрацоўнiцтва ў другiх галiнах
Артыкул 14
Бакi з улiкам набытага вопыту супрацоўнiцтва ўдасканальваюць
механiзм каардынацыi дзеянняў пры планаваннi i рэалiзацыi знешняй
палiтыкi, стварэннi i ўмацаваннi агульнай сiстэмы забеспячэння
бяспекi i аховы дзяржаўных гранiц.
Артыкул 15
Бакi каардынуюць законапраектную работу, ствараюць мадэльныя
заканадаўчыя акты, абменьваюцца прававой iнфармацыяй, аказваюць
прававую дапамогу па грамадзянскiх, сямейных i крымiнальных справах,
садзейнiчаюць развiццю прававой навукi i падрыхтоўцы юрыдычных
кадраў.
Артыкул 16
Бакi забяспечваюць цеснае ўзаемадзеянне праваахоўных i iншых
кампетэнтных органаў, аб`ядноўваюць намаганнi ў барацьбе з
агульнакрымiнальнай i арганiзаванай злачыннасцю, тэрарызмам,
незаконным абаротам зброi i наркотыкаў, кантрабандай, нелегальнай
iмiграцыяй i эмiграцыяй, вытворчасцю i выкарыстаннем падробленых
плацежных i iншых дакументаў, любымi дзеяннямi, якiя ствараюць
пагрозу грамадскай бяспецы, а таксама выкананню судовых рашэнняў.
Органы кiравання iнтэграцыяй
Артыкул 17
Для дасягнення мэтаў гэтага Дагавора Бакi засноўваюць сумесныя
органы кiравання iнтэграцыяй: Мiждзяржаўны Савет, Iнтэграцыйны
Камiтэт, Мiжпарламенцкi Камiтэт.
Кожны з названых органаў дзейнiчае ў рамках паўнамоцтваў, якiя
вызначаны для яго гэтым Дагаворам i адпаведным Палажэннем аб гэтым
органе.
Артыкул 18
Мiждзяржаўны Савет з`яўляецца вышэйшым органам кiравання
iнтэграцыяй. У iм прадстаўлены кiраўнiкi дзяржаў, кiраўнiкi ўрадаў,
мiнiстры замежных спраў, а таксама старшыня Iнтэграцыйнага Камiтэта
з правам дарадчага голасу.
Мiждзяржаўны Савет узначальваецца старшынёй, якi выбiраецца з
лiку кiраўнiкоў дзяржаў Бакоў тэрмiнам на адзiн год на ратацыйнай
аснове.
Мiждзяржаўны Савет распрацоўвае стратэгiю супрацоўнiцтва,
вызначае яго асноўныя этапы, прымае адпаведныя рашэннi i кантралюе
ход iх выканання, зацвярджае палажэннi аб органах кiравання
iнтэграцыяй i парадку iх фiнансавання.
Выдаткi на ўтрыманне органаў кiравання iнтэграцыяй фiнансуюцца
Бакамi ў фiксаваных памерах i накiроўваюцца выключна на гэтыя мэты.
Артыкул 19
Iнтэграцыйны Камiтэт - выканаўчы орган, якi дзейнiчае
пастаянна, прымае i ажыццяўляе меры, неабходныя для рэалiзацыi мэтаў
i задач iнтэграцыi, якiя вызначаны гэтым Дагаворам.
У склад Iнтэграцыйнага Камiтэта ўваходзяць першыя намеснiкi
кiраўнiкоў Урадаў кожнага з Бакоў, а таксама мiнiстры, адказныя за
пытаннi супрацоўнiцтва з дзяржавамi СНД, эканомiкi i фiнансаў Бакоў.
Iнтэграцыйны Камiтэт узначальваецца Старшынёй, якi прызначаецца
Мiждзяржаўным Саветам на ратацыйнай аснове.
Iнтэграцыйны Камiтэт:
праз Урады Бакоў кантралюе выкананне рашэнняў органаў кiравання
iнтэграцыяй;
забяспечвае ў межах сваёй кампетэнцыi правядзенне ў жыццё
рашэнняў Мiждзяржаўнага Савета, праграм iнтэграцыi, дагавораў i
пагадненняў, якiя дзейнiчаюць памiж Бакамi;
засноўвае адпаведныя мiждзяржаўныя камiсii i камiтэты,
прыцягвае незалежных экспертаў у розных галiнах эканомiкi, права,
кiравання i iншых сферах iнтэграцыi.
Артыкул 20
Iнфармацыйнае, матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае
забеспячэнне дзейнасцi Мiждзяржаўнага Савета i iншых органаў
кiравання iнтэграцыяй ажыццяўляецца апаратам Iнтэграцыйнага
Камiтэта, якi фармiруецца на парытэтнай аснове.
Органы кiравання iнтэграцыяй размяшчаюцца па дамоўленасцi ў
сталiцах дзяржаў - удзельнiц Дагавора.
Артыкул 21
Для асвятлення практычнага вопыту i вынiкаў iнтэграцыi Бакоў,
публiкацыi афiцыйных прававых актаў i iншых дакументаў органаў
кiравання Iнтэграцыйны Камiтэт выдае друкаваны орган - Бюлетэнь
развiцця iнтэграцыi.
Артыкул 22
Мiжпарламенцкi Камiтэт з`яўляецца органам мiжпарламенцкага
супрацоўнiцтва i фармiруецца на парытэтных пачатках з
парламентарыяў, якiя дэлегуюцца парламентамi Бакоў.
Мiжпарламенцкi Камiтэт у мэтах зблiжэння i гарманiзацыi
заканадаўства Бакоў у межах сваiх паўнамоцтваў:
прымае мадэльныя акты, на аснове якiх распрацоўваюцца акты
нацыянальных заканадаўстваў;
уносiць прапановы па пытаннях развiцця прававой асновы
iнтэграцыi;
удзельнiчае ў iншых прадугледжаных Палажэннем аб
Мiжпарламенцкiм Камiтэце формах заканадаўчай дзейнасцi.
Рэкамендацыйныя акты Мiжпарламенцкага Камiтэта прапаноўваюцца
для разгляду ў парламентах Бакоў у парадку, вызначаным iх
нацыянальным заканадаўствам.
Фiнансавае i прававое забеспячэнне iнтэграцыi
Артыкул 23
Iнтэграцыйны Камiтэт штогод распрацоўвае канкрэтныя прапановы
па фiнансава-бюджэтных пытаннях iнтэграцыi i прадстаўляе iх на
разгляд Мiждзяржаўнага Савета.
Артыкул 24
Мiждзяржаўны Савет мае права прымаць рашэннi, якiя з`яўляюцца
абавязковымi для органаў i арганiзацый Бакоў, што забяспечваюць iх
непасрэднае выкананне, або рашэннi, якiя падлягаюць трансфармацыi ў
нацыянальнае заканадаўства Бакоў.
Бакi забяспечваюць адказнасць службовых асоб сваiх органаў
дзяржаўнай улады за выкананне палажэнняў гэтага Дагавора i рашэнняў
сумесных органаў кiравання iнтэграцыяй.
Рознагалоссi, якiя ўзнiкаюць у ходзе рэалiзацыi гэтага
Дагавора, вырашаюцца шляхам кансультацый памiж Бакамi, пры
неабходнасцi - Мiждзяржаўным Саветам па прадстаўленню Iнтэграцыйнага
Камiтэта.
Артыкул 25
Палажэннi гэтага Дагавора не абмяжоўваюць эканамiчныя i
палiтычныя адносiны кожнага з Бакоў з iншымi краiнамi сусветнага
супольнiцтва, не наносяць шкоды мiжнароднай правасуб`ектнасцi
кожнага з Бакоў i не закранаюць iх абавязацельстваў па раней
прынятых мiжнародных дагаворах i пагадненнях, у тым лiку ў рамках
Садружнасцi Незалежных Дзяржаў.
Заключныя палажэннi
Артыкул 26
Гэты Дагавор часова прымяняецца з дня яго падпiсання i набывае
сiлу з дня здачы дэпазiтарыю, якiм прызнаецца Расiйская Федэрацыя,
паведамленняў, якiя пацвярджаюць выкананне Бакамi ўнутрыдзяржаўных
працэдур, неабходных для ўступлення Дагавора ў сiлу.
Артыкул 27
Гэты Дагавор адкрыты для далучэння да яго iншых дзяржаў, якiя
падзяляюць яго мэты i прынцыпы i прымаюць на сябе ў поўным аб`ёме
абавязацельствы, якiя вынiкаюць з Дагавора.
Удзельнiкi Дагавора, прызнаючы магчымасць рознаўзроўневай
iнтэграцыi ў рамках Садружнасцi Незалежных Дзяржаў, могуць
падпiсваць двухбаковыя i шматбаковыя пагадненнi, якiя забяспечваюць
больш паглыбленыя iнтэграцыйныя адносiны ў палiтычнай, эканамiчнай i
iншых галiнах.
Артыкул 28
Гэты Дагавор дзейнiчае на працягу пяцi гадоў i потым
аўтаматычна прадоўжваецца на наступныя пяць гадоў, калi адзiн з
Бакоў не заявiць аб сваiм жаданнi спынiць яго дзеянне не менш чым за
дванаццаць месяцаў да сканчэння тэрмiну дзеяння гэтага Дагавора.
Кожны Бок мае права выйсцi з гэтага Дагавора шляхам пiсьмовага
паведамлення аб гэтым дэпазiтарыю не менш чым за дванаццаць месяцаў.
Аформлена ў г.Маскве 29 сакавiка 1996 года ў чатырох
экзэмплярах на беларускай, казахскай, кыргызскай i рускай мовах,
прычым усе тэксты маюць аднолькавую сiлу. Сапраўдныя экзэмпляры
Дагавора захоўваюцца ў Расiйскай Федэрацыi, якая накiроўвае кожнай
дзяржаве - удзельнiцы гэтага Дагавора яго засведчаную копiю.
За Рэспублiку Беларусь А.Лукашэнка
<<< Главная
страница | < Назад
|