ЧАСОВАЕ ПАГАДНЕННЕ
ПАМIЖ УРАДАМ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ I УРАДАМ ЛIТОЎСКАЙ
РЭСПУБЛIКI АБ УЗАЕМНЫХ ПАЕЗДКАХ ГРАМАДЗЯН
___________________________________________________________
Временное соглашение прекратило свое действие с 1 января
2003 г. ¦
_____________________________
*) Уступiла ў сiлу 25 лютага 1994 г.
Урад Рэспублiкi Беларусь i Урад Лiтоўскай Рэспублiкi, надалей -
Бакi,
грунтуючыся на палажэннях Дэкларацыi аб прынцыпах
добрасуседскiх адносiн памiж Рэспублiкай Беларусь i Лiтоўскай
Рэспублiкай ад 24 кастрычнiка 1991 г.,
зыходзячы з жадання далейшага развiцця i паглыблення
традыцыйнай дружбы i супрацоўнiцтва памiж абедзвюма дзяржавамi,
улiчваючы роднасныя, гаспадарчыя, навуковыя, культурныя i iншыя
сувязi, якiя склалiся гiстарычна памiж народамi абедзвюх дзяржаў,
з мэтай урэгулявання пытанняў уезду, выезду, праезду транзiтам
i часовага знаходжання на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь i тэрыторыi
Лiтоўскай Рэспублiкi грамадзян вышэйназваных дзяржаў i асоб без
грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць на iх тэрыторыях,
ПАГАДЗIЛIСЯ АБ НIЖЭЙПАДАДЗЕНЫМ:
Артыкул 1
Дакументамi, якiя засведчваюць асобу i прызнаюцца Бакамi
сапраўднымi для ўзаемных паездак, з`яўляюцца:
для грамадзян Рэспублiкi Беларусь:
дыпламатычны пашпарт Рэспублiкi Беларусь;
службовы пашпарт Рэспублiкi Беларусь;
дыпламатычны пашпарт СССР з адзнакай аб прыналежнасцi да
грамадзянства Рэспублiкi Беларусь (сапраўдны для выезду з Рэспублiкi
Беларусь да 1 красавiка 1994 г.);
службовы пашпарт СССР з адзнакай аб прыналежнасцi да
грамадзянства Рэспублiкi Беларусь (сапраўдны для выезду з Рэспублiкi
Беларусь да 1 студзеня 1995 г.);
агульнаграмадзянскi замежны пашпарт СССР з адзнакай аб
прыналежнасцi да грамадзянства Рэспублiкi Беларусь;
пашпарт грамадзянiна СССР з адзнакай аб пастаянным месцы
жыхарства ў Рэспублiцы Беларусь для асоб, названых у артыкулах 6 i 7
гэтага Пагаднення;
пашпарт марака СССР з адзнакай аб прыналежнасцi пашпарта
Рэспублiцы Беларусь (пры наяўнасцi суднавай ролi або выпiскi з яе);
пасведчанне на вяртанне (толькi для вяртання ў Рэспублiку
Беларусь).
Для грамадзян Лiтоўскай Рэспублiкi:
дыпламатычны пашпарт Лiтоўскай Рэспублiкi;
пашпарт грамадзянiна Лiтоўскай Рэспублiкi;
кнiжка марака Лiтоўскай Рэспублiкi (пры наяўнасцi суднавай ролi
або выпiскi з яе);
дакумент падарожжа дзiцяцi;
пасведчанне на вяртанне (толькi для вяртання ў Лiтоўскую
Рэспублiку).
Артыкул 2
Паездкi непаўналетнiх дзяцей ажыццяўляюцца па дакументах,
указаных у артыкуле 1 гэтага Пагаднення, а таксама ў суправаджэннi
бацькоў або iншых законных прадстаўнiкоў, калi дзецi ўпiсаны ў iх
дакументы.
Групавыя паездкi непаўналетнiх дзяцей ажыццяўляюцца па iмянных
спiсах, завераных кампетэнтнымi органамi Бакоў, i ў суправаджэннi
кiраўнiкоў (старшых) груп (узор iмяннога спiсу ўказаны ў Дадатку да
гэтага Пагаднення).
Артыкул 3
Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь з 1 сакавiка 1994 г. ўязджаюць,
выязджаюць, праязджаюць транзiтам i часова знаходзяцца на тэрыторыi
Лiтоўскай Рэспублiкi па вiзах. Часова, да 1 лiпеня 1994 г.,
запрашэнне, заверанае службамi Дэпартамента мiграцыi пры
Мiнiстэрстве ўнутраных спраў Лiтоўскай Рэспублiкi, прыраўноўваецца
да вiзы.
Аб увядзеннi вiзавага (дазвольнага) парадку ўезду грамадзян
Лiтоўскай Рэспублiкi на тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь Беларускi Бок
iнфармуе Лiтоўскi Бок не менш чым за 30 дзён да яго ўвядзення.
Артыкул 4
Грамадзяне адной дзяржавы ўязджаюць на тэрыторыю другой
дзяржавы i выязджаюць праз дзеючыя пункты пропуску, адкрытыя для
мiжнародных i двухбаковых зносiн i вызначаныя адпаведным пагадненнем
Бакоў.
Артыкул 5
Грамадзяне адной дзяржавы падчас знаходжання на тэрыторыi
другой дзяржавы абавязаны выконваць законы i правiлы дзяржавы
знаходжання, у тым лiку правiлы перамяшчэння i транзiтнага праезду,
устаноўленыя для замежных грамадзян i асоб без грамадзянства.
Артыкул 6
Бакi захоўваюць бязвiзавы парадак уезду пры наяўнасцi
дакументаў, указаных у артыкуле 1 гэтага Пагаднення, для:
грамадзян абедзвюх дзяржаў, якiя маюць дыпламатычныя пашпарты;
членаў экiпажаў, уключаных у спiс экiпажаў паветраных суднаў
грамадзянскай авiяцыi абедзвюх дзяржаў;
работнiкаў паязных, рэфрыжэратарных i лакаматыўных брыгад
чыгунак абедзвюх дзяржаў па iмянных спiсах i маршрутных лiстах,
зацверджаных на кожны рэйс;
членаў экiпажаў рэйсавых пасажырскiх аўтобусаў, якiя
ажыццяўляюць перавозкi па маршрутах, узгодненых адпаведнымi
ведамствамi абедзвюх дзяржаў;
грамадзян абедзвюх дзяржаў ва ўзросце 65 год i старэй пры
наяўнасцi дакументаў у адпаведнасцi з артыкулам 1 гэтага Пагаднення;
грамадзян адной дзяржавы, якiя накiроўваюцца ў перыяд да
1 студзеня 1995 г. на санаторна-курортнае лячэнне на тэрыторыю
другой дзяржавы, пры наяўнасцi пуцёвак.
Артыкул 7
Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь i асобы без грамадзянства, якiя
пастаянна пражываюць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь i праязджаюць
транзiтам на пасажырскiх паяздах прамых зносiн па маршруце
Кена-Вiльнюс-Кiбартай-Калiнiнград i назад, ажыццяўляюць паездкi без
вiз.
Грамадзяне Лiтоўскай Рэспублiкi i асобы без грамадзянства, якiя
пастаянна пражываюць на тэрыторыi Лiтоўскай Рэспублiкi i праязджаюць
транзiтам на пасажырскiх паяздах прамых зносiн па маршрутах:
Вiльнюс-Парэчча-Друскiнiнкай,
Вiльнюс-Гродна-Кузнiца,
Вiльнюс-Лыптуны-Дзiджасалiс
i назад, ажыццяўляюць паездкi без вiз.
Артыкул 8
Парадак спрошчанага пропуску прыгранiчнага насельнiцтва праз
дзяржаўную гранiцу Рэспублiкi Беларусь i Лiтоўскай Рэспублiкi
рэгулюецца асобным пагадненнем.
Артыкул 9
Грамадзяне адной дзяржавы, якiя ўязджаюць на тэрыторыю другой
дзяржавы па паведамленнях аб цяжкай хваробе або смерцi сваяка, з
Беларускага Боку завераных урачом або органамi ўнутраных спраў i з
Лiтоўскага Боку - урачом або службамi Дэпартамента мiграцыi пры
Мiнiстэрстве ўнутраных спраў, а таксама па паведамленнях, што
паступаюць па дыпламатычных каналах, атрымлiваюць вiзы ў тэрмiновым
парадку бясплатна, у тым лiку на пунктах пропуску праз дзяржаўную
гранiцу, адкрытых для мiжнародных зносiн.
Артыкул 10
Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя пастаянна пражываюць на
тэрыторыi Лiтоўскай Рэспублiкi, i грамадзяне Лiтоўскай Рэспублiкi,
якiя пастаянна пражываюць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь,
ажыццяўляюць паездкi на тэрыторыю дзяржавы свайго грамадзянства i
вяртаюцца да месца пастаяннага жыхарства без вiз па iх сапраўдных
пашпартах, указаных у артыкуле 1 гэтага Пагаднення, i пры наяўнасцi
ў iх адпаведнай адзнакi аб пастаянным жыхарстве або пасведчання
(дазволу) на пастаяннае жыхарства.
Артыкул 11
Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, асобы без грамадзянства i члены
iх сем`яў, якiя пастаянна пражываюць на тэрыторыi Рэспублiкi
Беларусь i маюць пасведчанне аб захаваннi права на грамадзянства
Лiтоўскай Рэспублiкi, уязджаюць, выязджаюць, праязджаюць транзiтам i
часова знаходзяцца на тэрыторыi Лiтоўскай Рэспублiкi без вiз.
Грамадзяне Лiтоўскай Рэспублiкi i члены iх сем`яў, якiя
пастаянна пражываюць на тэрыторыi Лiтоўскай Рэспублiкi i маюць
адпаведны дакумент, што пацвярджае захаванне права на грамадзянства
Рэспублiкi Беларусь, уязджаюць, выязджаюць, праязджаюць транзiтам i
часова знаходзяцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь без вiз.
Асобы без грамадзянства i члены iх сем`яў, якiя пастаянна
пражываюць на тэрыторыi Лiтоўскай Рэспублiкi i маюць адпаведную
адзнаку ў сапраўдным агульнаграмадзянскiм замежным пашпарце СССР,
уязджаюць, выязджаюць, праязджаюць транзiтам i часова знаходзяцца на
тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь без вiз.
Артыкул 12
Кампетэнтныя органы адной дзяржавы ў адпаведнасцi з яе
ўнутраным заканадаўствам маюць права адмовiць ва ўездзе або
скарацiць тэрмiн часовага знаходжання на сваёй тэрыторыi грамадзянам
другой дзяржавы i асобам без грамадзянства, якiя пастаянна
пражываюць на тэрыторыi гэтай дзяржавы, з адпаведным паведамленнем
пра такое рашэнне.
Кожны Бок абавязваецца прыняць у любы час i без дадатковых умоў
грамадзян сваёй дзяржавы i асоб без грамадзянства, якiя пастаянна
пражываюць на яе тэрыторыi i не выконваюць цi перасталi выконваць
умовы ўезду, праезду транзiтам або часовага знаходжання на тэрыторыi
другой дзяржавы цi якiм было адмоўлена ва ўездзе.
Артыкул 13
Консульскiя зборы не збiраюцца за выдачу службовай вiзы i вiзы
для дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў.
Бакi на аснове ўзаемнасцi прымяняюць iльготныя стаўкi
консульскiх збораў за выдачу вiз, а ў асобных выпадках - выдаюць
бясплатныя вiзы. Такiмi выпадкамi, у прыватнасцi, з`яўляюцца:
навучанне грамадзян адной дзяржавы на тэрыторыi другой дзяржавы
ў вышэйшых i сярэднiх навучальных установах;
навукова-даследчая дзейнасць, дзейнасць у галiне адукацыi,
культуры i мастацтва, прадугледжаная двухбокавымi пагадненнямi;
наведванне месцаў пахавання блiзкiх сваякоў пры наяўнасцi
дакумента, якi пацвярджае захаванасць магiлы.
Артыкул 14
Бакi ствараюць умовы для нармальнага функцыянавання
фельд`егерскай службы сувязи на аснове асобнага пагаднення Бакоў.
Артыкул 15
Бакi будуць пастаянна абменьвацца ўзорамi новых дакументаў,
сапраўдных для ўзаемных паездак на тэрыторыю кожнай з дзяржаў, i
iнфармаваць адзiн аднаго па дыпламатычных каналах аб змяненнях у
дзеючым парадку ўезду, выезду, праезду транзiтам i часовага
знаходжання на тэрыторыi кожнай з дзяржаў не пазней чым за 30 дзён
да ўвядзення ў дзеянне гэтых змяненняў.
Артыкул 16
У гэта Пагадненне могуць уносiцца дапаўненнi i змяненнi па
ўзаемнай згодзе Бакоў.
Артыкул 17
Гэта Часовае пагадненне набывае сiлу з дня яго падпiсання.
Гэта Часовае пагадненне дзейнiчае да набыцця сiлы новага
пагаднення аб узаемных паездках грамадзян абедзвюх дзяржаў. У
выпадку, калi адзiн з Бакоў мае намер спынiць дзеянне гэтага
Часовага пагаднення, ён паведамляе аб гэтым у пiсьмовай форме па
дыпламатычных каналах другому Боку. Дзеянне гэтага Часовага
пагаднення спыняецца на дзевяносты дзень з даты атрымання другiм
Бокам указанага паведамлення.
Аформлена ў горадзе Вiльнюсе 25 лютага 1994 г. у двух
экзэмплярах, кожны на беларускай i лiтоўскай мовах, пры гэтым абодва
тэксты маюць аднолькавую сiлу.
За Урад Рэспублiкi Беларусь ______________ подпiс
За Урад Лiтоўскай Рэспублiкi ______________ подпiс
<<< Главная
страница | < Назад
|