ПАГАДНЕННЕ
ПАМIЖ УРАДАМ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
I УРАДАМ СЛАВАЦКАЙ РЭСПУБЛIКI АБ
УЗАЕМНЫХ БЯЗВIЗАВЫХ ПАЕЗДКАХ ГРАМАДЗЯН
===
___________________________________________________________
Соглашение прекратило действие с 1 января 2001 г. ¦
Урад Рэспублiкi Беларусь i Урад Славацкай Рэспублiкi, якiя
надалей называюцца "Дагаворныя Бакi",
пацвярджаючы сваю прыхiльнасць прынцыпам Заключнага акта Нарады
па бяспецы i супрацоўнiцтву ў Еўропе i Парыжскай хартыi для новай
Еўропы,
кiруючыся жаданнем развiваць дружалюбныя адносiны памiж дзвюма
Дзяржавамi,
ДАМОВIЛIСЯ АБ НАСТУПНЫМ:
Артыкул 1
1. Грамадзяне адной Дзяржавы, якiя маюць сапраўдныя дакументы,
што пералiчаны ў Дадатку да гэтага Пагаднення, могуць уязджаць,
выязджаць або праязджаць транзiтам, а таксама знаходзiцца на
тэрыторыi другой Дзяржавы без вiз тэрмiнам да трыццацi дзён.
2. Палажэннi пункта 1 прымяняюцца таксама ў адносiнах да
непаўналетнiх дзяцей, якiя маюць дакументы, названыя ў Дадатку да
гэтага Пагаднення, або здзяйсняюць паездкi ў суправаджэннi бацькоў,
калi дзецi ўпiсаны ў iх дакументы, а для грамадзян Рэспублiкi
Беларусь - таксама, калi дзецi ўпiсаны ў дакументы iх законных
прадстаўнiкоў.
3. Кампетэнтныя органы адной Дзяржавы пры наяўнасцi
абгрунтаваных матываў i па афiцыйнай просьбе могуць прадоўжыць
тэрмiн бязвiзавага знаходжання.
Артыкул 2
Грамадзяне адной Дзяржавы, якiя уязджаюць на тэрыторыю другой
Дзяржавы на тэрмiн больш за трыццаць дзён, або з мэтай ажыццяўлення
працоўнай дзейнасцi цi на сталае жыхарства, павiнны мець вiзу гэтай
Дзяржавы.
Артыкул 3
1. Грамадзяне адной Дзяржавы, якiя маюць сапраўдныя
дыпламатычныя або службовыя пашпарты i з`яўляюцца супрацоўнiкамi
дыпламатычных прадстаўнiцтваў, консульскiх устаноў цi мiжнародных
арганiзацый, што знаходзяцца на тэрыторыi другой Дзяржавы, могуць
уязджаць, выязджаць i знаходзiцца на тэррыторыi гэтай Дзяржавы без
вiз на працягу ўсяго тэрмiна акрэдытавання або работы ў мiжнароднай
арганiзацыi.
2. Члены сем`яў асоб, названых у пункце 1 гэтага артыкула, якiя
маюць сапраўдныя дыпламатычныя цi службовыя пашпарты, могуць
уязджаць, выязджаць i знаходзiцца на тэрыторыi другой Дзяржавы без
вiз на працягу тэрмiна, прадугледжанага ў пункце 1 гэтага артыкула.
Артыкул 4
Уезд грамадзян адной Дзяржавы на тэрыторыю другой Дзяржавы i iх
выезд з тэрыторыi гэтай Дзяржавы ажыццяўляецца праз пункты пропуску,
якiя дзейнiчаюць i адчынены для мiжнародных зносiн.
Артыкул 5
Дагаворныя Бакi будуць неадкладна iнфармаваць адзiн другога па
дыпламатычных каналах аб змяненнях у парадку ўезда, знаходжання,
транзiта i выезда, што дзейнiчаюць у iх Дзяржавах.
Артыкул 6
Грамадзяне адной Дзяржавы падчас знаходжання на тэрыторыi
другой Дзяржавы абавязаны прытрымлiвацца законаў i правiлаў гэтай
Дзяржавы.
Артыкул 7
1. Гэта Пагадненне не кранае правоў кожнага з Дагаворных Бакоў
адмовiць ва ўезде цi скарачэннi тэрмiна знаходжання на сваёй
тэрыторыi грамадзянам другой Дзяржавы ў iнтарэсах забеспячэння
дзяржаўнай бяспекi, аховы грамадскага парадку i здароўя
насельнiцтва, а таксама грамадзянам, якiя не маюць дастатковых
сродкаў для забеспячэння свайго знаходжання на тэрыторыi другой
Дзяржавы.
2. Кожны з Дагаворных Бакоў будзе бесперашкодна прымаць на сваю
тэрыторыю грамадзян своёй Дзяржавы.
Артыкул 8
Грамадзяне адной Дзяржавы, якiя страцiлi ў вынiку згубы,
стыхiйнага бедства або крадзяжу названыя ў Дадатку да гэтага
Пагаднення дакументы на тэрыторыi другой Дзяржавы, выязджаюць з
тэрыторыi гэтай дзяржавы без вiз на падставе выязнога дакумента, якi
выданы дыпламатычным прадстаўнiцтвам цi консульскай установай сваёй
Дзяржавы.
Артыкул 9
Дагаворныя Бакi могуць прыпынiць поўнасцю або часткова дзеянне
палажэнняў гэтага Пагаднення ў iнтарэсах забеспячэння дзяржаўнай
бяспекi, аховы грамадскага парадку цi здароўя насельнiцтва, а
таксама па iншых прычынах, за выключэннем выпадкаў, названых у
пункце 2 артыкула 7. Аб увядзеннi або адмене такiх мераў кожны з
Дагаворных Бакоў будзе неадкладна iнфармаваць другi Дагаворны Бок па
дыпламатычных каналах.
Артыкул 10
1. Дагаворныя Бакi абмяняюцца па дыпламатычных каналах узорамi
дзеючых дакументаў, што названы ў Дадатку да гэтага Пагаднення, не
пазней чым за трыццаць дзён да ўступлення ў сiлу гэтага Пагаднення.
2. У выпадку ўнясення змяненяў у дзеючыя дакументы, што названы
ў Дадатку да гэтага Пагаднення, або ўвядзення новых дакументаў,
Дагаворныя Бакi па дыпламатычных каналах паведамляюць аб гэтым адзiн
другому i прадставяць узоры змененых цi новых дакументаў з
iнфармацыяй аб iх прымяненнi не пазней чым за трыццаць дзён да
ўвядзення ў дзеянне гэтых дакументаў.
Артыкул 11
У гэта Пагадненне могуць уносiцца дапаўненнi i змяненнi па
ўзаемнай згодзе Дагаворных Бакоў.
Артыкул 12
Гэта Пагадненне ўступае ў сiлу праз трыццаць дзён з дня абмену
нотамi аб выкананнi кожным з Дагаворных Бакоў унутрыдзяржаўных
працэдур, неабходных для яго ўступлення ў сiлу.
Артыкул 13
З дня ўступлення ў сiлу гэтага Пагаднення ў адносiнах памiж
Дагаворнымi Бакамi спыняе сваё дзеянне Пагадненне памiж Урадам Саюза
Савецкiх Сацыялiстычных Рэспублiк i Урадам Чэхаславацкай
Сацыялiстычнай Рэспублiкi аб умовах узаемных паездак грамадзян
абедзвюх дзяржаў, якое было падпiсана ў Празе 17 снежня 1981 года, i
Пратакол да гэтага Пагаднення ад 17 снежня 1981 года.
Артыкул 14
Гэта Пагаденне заключана на нявызначаны тэрмiн. Кожны з
Дагаворных Бакоў можа дэнансаваць гэта Пагадненне, накiраваўшы
пiсьмовае паведамленне другому Дагаворнаму Боку па дыпламатычных
каналах. Дзеянне гэтага Пагаднення спыняецца праз трыццаць дзён з
дня атрымання пiсьмовага паведамлення другiм Дагаворным Бокам.
Учынена у Мiнску 20 верасня 1995 года ў двух экзэмплярах, кожны
на беларускай i славацкай мовах, прычым абодва тэксты маюць
аднолькавую сiлу.
За Ўрад Рэспублiкi Беларусь ______________ подпiс
За Ўрад Славацкай Рэспублiкi ______________ подпiс
Дадатак
ДА ПАГАДНЕННЯ
памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь
i Урадам Славацкай Рэспублiкi
аб узаемных бязвiзавых паездках грамадзян
Сапраўднымi дакументамi ў мэтах гэтага Пагаднення з`яўляюцца:
1. Для гармадзян Рэспублiкi Беларусь
- дыпламатычны пашпарт;
- службовы пашпарт;
- пашпарт грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь з адзнакай аб
дазволе выязду за мяжу;
- агульнаграмадзянскi замежны пашпарт СССР з адзнакай аб
прыналежнасцi да грамадзянства Рэспублiкi Беларусь i дазволам выязду
за мяжу;
- пасведчанне асобы марака;
- пасведчанне на вяртанне ў Рэспублiку Беларусь.
2. Для грамадзян Славацкай Рэспублiкi
- дыпламатычны пашпарт;
- службовы пашпарт;
- замежны пашпарт;
- мараходная кнiжка;
- праязное пасведчанне на вяртанне ў Славацкую Рэспублiку.
<<< Главная
страница | < Назад
|